Дата стварэння: 01.03.2023 14:49:03
Дата змены: 11.09.2024 14:47:52
Акця́брска-Лю́банская партыза́нская зо́на
Тэрыторыя паўднёвых раёнаў Мінскай і паўночных раёнаў Палескай абласцей, якую кантралявалі партызаны ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Створана ўвосень 1941 г. у выніку вызвалення партызанамі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў частак Любанскага, Старобінскага, Акцябрскага і Глускага раёнаў. Зону ўтрымлівалі Мінскае партызанскае злучэнне, злучэнне партызанскіх атрадаў Акцябрскага раёна (13 атрадаў, 1,3 тыс. чалавек) на чале з Ф. І. Паўлоўскім, з красавіка 1942 г. — злучэнне партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей, з сакавіка 1943 г. — Мінскае і Палескае партызанскія злучэнні. Да чэрвеня 1942 г. ад гітлераўцаў ачышчана 418 населеных пунктаў, да канца 1942 г. вызвалена тэрыторыя каля 4 тыс. км². У 1943 г. зона злілася на поўначы са Слуцка-Капыльскай, на захадзе з Ленінскай партызанскімі зонамі; утварыўся партызанскі край плошчай каля 8 тыс. км²: тэрыторыя Акцябрскага, часткова Любанскага, Старадарожскага, Старобінскага, Слуцкага, Грэскага, Уздзенскага, Чырвонаслабодскага, Капыльскага, Капаткевіцкага, Глускага, Жыткавіцкага, Даманавіцкага, Петрыкаўскага, Парыцкага, Ленінскага, Лунінецкага, Ганцавіцкага і іншых раёнаў.
У зоне знаходзіліся падпольныя Мінскі, Палескі (з лютага 1943) абкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, райкамы партыі, камсамола, пярвічныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі, штабы Мінскага і Палескага партызанскіх злучэнняў. Дзейнічалі Акцябрскі і Любанскі райвыканкамы, у некаторых раёнах — выканкамы сельсаветаў. Выдаваліся падпольныя газеты «Звязда», «Чырвоная змена», «Большэвік Палесся», раённыя газеты. Было наладжана гаспадарчае жыццё, вялася масава-палітычная работа сярод насельніцтва. Увосень 1942 г. у многіх населеных пунктах адкрыты савецкія школы. З мая 1942 г. устаноўлена двухбаковая радыёсувязь з Масквой, з верасня — рэгулярная авіясувязь з Вялікай зямлёй: на востраве Зыслаў і каля в. Парэчча дзейнічалі партызанскія аэрадромы.
Гітлераўцы неаднойчы спрабавалі пранікнуць на тэрыторыю зоны, у сакавіку 1942 г. правялі карную аперацыю «Бамберг», жорсткія баі ішлі 7 дзён. У пачатку красавіка 1942 г. партызаны зноў авалодалі тэрыторыяй і з баямі ўтрымлівалі яе да студзеня — красавіка 1944 г. Амаль да поўнага выгнання нямецка-фашысцкіх захопнікаў з тэрыторыі зоны (чэрвень 1944) акупанты не менш як 10 разоў урываліся ў гэты вялікі лясіста-балоцісты басейн Бярэзіны і Прыпяці [карныя аперацыі № 6, № 7 («Няведанне»), № 20, «Альберт I», «Альберт II», «Франц», «Свята ўраджаю», «Горнунг», «Русалка», «Цёплы вецер», «Марабу», карныя аперацыі 203‑й ахоўнай дывізіі] і, паводле няпоўных звестак, знішчылі больш за 25 тыс. савецкіх грамадзян, угналі на катаржныя работы ў Германію каля 6 тыс. чалавек.
Больш за 40 тыс. партызан мужна абараняла насельніцтва зоны, стойка змагалася супраць намнога большых сіл праціўніка, у т. л. 203‑й ахоўнай дывізіі, 24‑га паліцэйскага палка, 61‑га, 255‑га, 291‑га паліцэйскіх батальёнаў, 339‑й кавалерыйскай сотні, кавалерыйскай дывізіі СС, дзвюх кавалерыйскіх і адной пяхотнай дывізій, якія размяшчаліся пастаяннымі гарнізонамі па перыметры партызанскай зоны ўздоўж чыгункі Лунінец — Калінкавічы — Жлобін — Асіповічы — Ляхавічы. Акрамя гэтых сіл да ўдзелу ў карных аперацыях прыцягваліся і іншыя часці вермахта. Як і ў іншых буйных партызанскіх зонах, значную ролю ў ахове насельніцтва ад зверстваў і грабяжу нямецка-фашысцкіх захопнікаў, арганізацыі адпору ворагу адыгралі мясцовыя падпольныя органы, адноўленыя ў асобных раёнах мясцовыя, раённыя і сельскія органы савецкай улады.
Атрады партызанскіх брыгад імя К. Я. Варашылава і 2‑й Мінскай 7 лістапада 1942 г. прама з параду і мітынгаў, прысвечаных 25‑й гадавіне Вялікага Кастрычніка, рушылі на абарону насельніцтва вёсак Янка Купала, Гарэлец Пухавіцкага раёна, Пясчанка, Старыца Капыльскага раёна і іншых населеных пунктаў. Спыніўшы ворага на берагах р. Пціч і ў Старыцкім лесе, партызаны нанеслі яму цяжкія страты ў жывой сіле, знішчылі танкавую роту гітлераўцаў, сарвалі карныя аперацыі захопнікаў «Альберт I» і «Альберт II», не пусцілі іх у вызваленую зону (гл. Пціцкая аперацыя 1942 г., Старыцкі бой 1942 г.). Насмерць стаялі партызаны каля Лаўскага лесу ў Капыльскім раёне (гл. Лаўскі бой 1942 г.). Браты I. С. і М. С. Цубы сарвалі спробу гітлераўцаў знішчыць Слуцкай зоны партызанскае злучэнне. Найбольш кровапралітныя цяжкія баі па абароне зоны Мінскае і Палескае партызанскія злучэнні вялі ў студзені — лютым 1943 г. і ў пачатку 1944 г. У многіх партызанскіх брыгадах адчуваўся востры недахоп боепрыпасаў, пад націскам намнога большых сіл праціўніка яны былі вымушаны пакідаць свае раёны дыслакацыі і баявых дзеянняў. Аднак партызанскія фарміраванні хутка аднаўлялі становішча, вярталіся ў вызначаныя для іх ЦК КП(б)Б і Беларускім штабам партызанскага руху раёны і працягвалі баявыя дзеянні супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У гонар гераічнай барацьбы партызан у 1969 г. у цэнтры былой Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны адкрыты мемарыяльны комплекс «Зыслаў».