pdf

АБАРОНЧАЯ АПЕРАЦЫЯ НА БЕЛАРУСІ 1941 г.

Дата стварэння: 17.08.2023 13:39:24

Дата змены: 11.09.2024 14:33:51


Абаро́нчая апера́цыя на Белару́сі 1941 г.

Стратэгічная аперацыя савецкіх войскаў у Вялікай Айчыннай вайне, праведзеная 22 чэрвеня — 9 ліпеня з мэтай адбіць уварванне нямецкіх войскаў.

На пачатак вайны ў прыгранічнай зоне Заходняй асобай ваеннай акругі (22.6.1941 ператворана ў Заходні фронт, камандуючы генерал арміі Д. Р. Паўлаў) знаходзілася 26 дывізій 3‑й (генерал-лейтэнант В. І. Кузняцоў), 10‑й (генерал-маёр К. Д. Голубеў) і 4‑й (генерал-маёр А. А. Карабкоў) армій.

Дывізіі чатырох карпусоў (2‑га, 21‑га, 44‑га і 47‑га) складалі другі эшалон фронту і ў чэрвені 1941 г. выходзілі з гарадоў Полацк, Смаленск, Бабруйск, Слуцк, Магілёў у напрамку гарадоў Мінск, Баранавічы і Ліда.


Напад фашысцкай Германіі на СССР. Баі на граніцы

На досвітку 22 чэрвеня Германія вераломна напала на СССР. Яе ваенна-паветраныя сілы (ВПС) нанеслі масіраваныя ўдары па аэрадромах, чыгуначных вузлах, гарнізонах і іншых месцах дыслакацыі савецкіх войскаў. У першы дзень вайны авіяцыя Заходняга фронту страціла 738 самалётаў (41 % усёй авіяцыі фронту), галоўным чынам на аэрадромах. ВПС праціўніка часова захапілі панаванне ў паветры. Лётчыкі Заходняга фронту знішчылі 22 чэрвеня больш за 140 нямецкіх самалётаў, у т. л. камандзір 123‑га знішчальнага авіяцыйнага палка (ЗАП) маёр Б. М. Сурын — 3 самалёты, палітрук 127‑га ЗАП А. С. Данілаў — 3 (адзін з іх тараніў).

Супраць савецкіх войскаў 1‑га эшалона вораг перайшоў у наступ сіламі каля 40 дывізій групы армій «Цэнтр». З перадавымі часцямі праціўніка першымі ўступілі ў бой савецкія пагранічнікі (у раёне Гродна і Брэста баі, у т. л. з дыверсантамі палка «Брандэнбург», пачаліся 21.6.1941). У складзе 11 пагранатрадаў было каля 13,5 тыс. чалавек. Маючы толькі стралковую зброю, савецкія воіны змагаліся да смерці (гл. Беларуская пагранічная акруга). Сярод герояў-пагранічнікаў подзвігі здзейснілі 22 чэрвеня 1941 г. сяржант А. А. Новікаў (знішчыў з засады каля 70 гітлераўцаў), а таксама многія яго паплечнікі па Брэсцкім пагранатрадзе (камандзір маёр А. П. Кузняцоў).

Мужна змагаліся з ворагам чырвонаармейцы Брэсцкага ўмацаванага раёна і іншых умацаванняў (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941 г.).

У раёне гарадоў Кобрын і Пружаны падчас сустрэчных баёў гераічна змагаліся воіны 22‑й танкавай дывізіі і іншых злучэнняў 4‑й арміі. На гэтым кірунку ў камандавання 4‑й арміі, як сведчыў яе начальнік штаба палкоўнік Л. М. Сандалаў, не было танкаў КВ і Т‑34, а таксама належнага авіяцыйнага прыкрыцця. Пад ударамі нямецкай авіяцыі войскі гэтай арміі панеслі цяжкія страты.

Танкавыя групы ворага хутка прасоўваліся і на гродзенскім напрамку (гл. Гродзенскі ўмацаваны раён, Гродзенскія абарончыя баі 1941 г.).

Да вечара 22 чэрвеня паўстала пагроза глыбокага ахопу войскаў Заходняга фронту матарызаванымі злучэннямі праціўніка на правым (3‑я армія) і левым (4‑я армія) флангах, цэнтр якога (10‑я армія ў Беластоцкім выступе) быў моцна высунуты на захад. Спробы нанясення контрудараў 23–24 чэрвеня мелі нязначны поспех. Гл. Беластока абарона 1941 г.


Баі на мінскім напрамку

У сувязі з перамяшчэннем некалькіх савецкіх дывізій з маладзечанскага напрамку ў раён г. Ліда напрамак Вільнюс — Мінск застаўся амаль непрыкрытым (камандаванне Паўночна-Заходняга фронту асноўную ўвагу надавала абароне г. Рыга). Асноўныя сілы нямецкай 3‑й танкавай групы пасля захопу Вільні 24 чэрвеня рушылі да Мінска. Дывізіям, сканцэнтраваным у Мінскім умацаваным раёне, было загадана тэрмінова заняць абарону на гэтым напрамку (гл. Лінія Сталіна, Мінска абарона 1941 г.). Тысячы жыхароў Мінска і прыгарадных раёнаў удзельнічалі ў баях з ворагам, у тым ліку ў складзе 100‑й стралковай дывізіі (гераізм воінаў гэтай дывізіі быў пасля высока ацэнены камандаваннем; 18.9.1941 дывізія перайменавана ў 1‑ю гвардзейскую). Мінчане змагаліся з варожымі дэсантамі, будавалі абарончыя рубяжы, змагаліся з пажарамі, якія ахапілі ўвесь горад пасля масіраваных бамбардзіровак.


Мабілізацыя і эвакуацыя

Важнай часткай абарончай аперацыі было правядзенне мабілізацыі і эвакуацыі. Гэтыя мерапрыемствы ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам ЦК КП(б)‌Б і Саўнаркама БССР, якія з 24 чэрвеня 1941 г. знаходзіліся ў г. Магілёў. Сюды ж перадыслацыраваўся і штаб Заходняга фронту.

У чэрвені — жніўні 1941 г. на тэрыторыі рэспублікі было прызвана ў дзеючую армію больш за 500 тыс. чалавек, у т. л. у жніўні многія кіраўнікі ЦК КП(б)‌Б і ЦК ЛКСМБ — П. К. Панамарэнка, П. З. Калінін, К. Т. Мазураў і інш. У часці і злучэнні Чырвонай арміі было перададзена больш за 2,5 тыс. аўтамашын, звыш 35 тыс. коней і 23 тыс. павозак. З дзяржфондаў БССР было выдзелена 20 тыс. тон харчавання і фуражу, а таксама больш за 35 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы. Многія заводы Гомельскай і Магілёўскай абласцей выконвалі абаронныя заказы — ад рамонту танкаў і баявой тэхнікі да выпуску ўзбраенняў (мінамёты, гранаты і інш.). Дапамога была вельмі значнай і з прычыны таго, што да 29 чэрвеня 1941 г. Заходні фронт страціў больш за 60 франтавых складоў, ад 50 да 90 % усіх запасаў гаручага, боепрыпасаў, харчавання, фуражу і інш.

Вось што ўспамінаў пра гэты час (22–27.6.1941) у мемуарах «Незабыўнае» («Незабываемое») К. Т. Мазураў, які прайшоў «усё пекла» першых дзён вайны і эвакуацыі з Брэста і Баранавіч: «26 чэрвеня на спадарожнай штабной машыне накіраваўся са Слуцка ў Бабруйск. Шаша па-ранейшаму была перагружана аўтамабілямі і павозкамі, якія рухаліся ў абодвух напрамках. Да патоку машын, вазоў і пешых людзей дадаліся калоны трактароў і гурты жывёлы... Саўгасы і калгасы паўднёвых раёнаў Мінскай і заходніх раёнаў Магілёўскай вобласці зганялі тэхніку і жывёлу ў савецкі тыл, каб яны не дасталіся ворагу. Над шашой раз-пораз праляталі фашысцкія самалёты-разведчыкі. Разы са два яны абстралялі дарогу…

На досвітку 27 чэрвеня зноў рушыў і да сярэдзіны дня заехаў у Бабруйск. Насельніцтва займалася абарончымі працамі. Назіралася ажыўленне ў крэпасці, у якой размяшчаўся гарнізон…

Наша машына без супыну і без перашкод прайшла праз Бабруйск на Магілёўскую шашу. Яна не была так загружана, як дарога на подступах да Слуцка і Бабруйска. Пераважаў рух на захад — ішлі машыны з войскамі і рознымі ваеннымі грузамі. Сустракаліся невялікія калоны вайскоўцаў. Тут мы ўбачылі арганізаваны франтавы тыл».


Захоп ворагам Мінска. Акружэнне войскаў Заходняга фронту

Нямецка-фашысцкія войскі, выкарыстаўшы перавагу ў сіле на стратэгічных напрамках, 28 чэрвеня захапілі сталіцу Беларусі. Гэтаму шмат у чым спрыялі масіраваныя ўдары яго авіяцыі па аэрадромах горада (23.6.1941), дзе ў асноўным базіраваліся самалёты 184‑га ЗАП (усе старых тыпаў), а з 24 чэрвеня і па самім горадзе. Усяго за 4 дні (23–26 чэрвеня) супрацьпаветраная абарона Мінска збіла 18 самалётаў праціўніка з некалькіх сотняў. Прычынай недастатковай эфектыўнасці дзеянняў зенітчыкаў было тое, што частка падраздзяленняў 7‑й асобнай (Мінскай) брыгады супрацьпаветраннай абароны ў першы дзень вайны знаходзілася на вучэннях у пас. Крупкі, адкуль былі накіраваны на абарону Барысава і Оршы (на чыгуначны вузел Оршы прыбывала баявая тэхніка і грузы для контрудару і арганізацыі новай мяжы абароны па р. Дняпро).

Да вечара 29 чэрвеня ў раёне Мінска злучыліся войскі 3‑й і 2‑й (з боку Брэста) нямецкіх танкавых груп. У выніку ў акружэнні апынулася больш за 10 дывізій Заходняга фронту. Войскі, якія адыходзілі з раёна Баранавіч, Бабруйска і Мінска, не змаглі надоўга затрымаць праціўніка. Спыніць ворага на р. Бярэзіна было загадана часцям Барысаўскага гарнізона, у т. л. курсантам Барысаўскага танкавага тэхнічнага вучылішча. Абарону Барысава ўзначалілі карпусны камісар І. З. Сусайкаў, палкоўнік А. І. Лізюкоў, а з 1 ліпеня — камандзір 1‑й Маскоўскай мотастралковай дывізіі палкоўнік Я. Р. Крэйзер. Упартыя баі на рэках Бярэзіна (каля гарадоў Барысаў, Беразіно) і Друць (каля населеных пунктаў Талачын, Коханава, Бялынічы і інш.) доўжыліся больш за 5 дзён і далі магчымасць арганізаваць абарону па р. Дняпро. Тут гітлераўцы сустрэлі жорсткае супраціўленне 13‑й, а таксама іншых савецкіх армій (19‑я, 20‑я, 21‑я, 22‑я), перададзеных Заходняму фронту з Рэзерву Стаўкі Галоўнага камандавання.

Гераічную барацьбу савецкія воіны працягвалі весці і ў вялізным коле акружэння ў раёне Беласток — Навагрудак — Мінск. На думку начальніка Генеральнага штаба сухапутных войскаў Германіі Ф. Гальдэра (запісы ў дзённіку за 28.6–1.7.1941), «рускія ўсюды змагаюцца да апошняга чалавека, у Беластоцкім лесе адбываюцца зацятыя баі. У паласе групы армій «Цэнтр» ліквідацыя акружанай групоўкі праціўніка скоўвае значныя сілы (30.6.1941)... Сур’ёзныя клопаты стварае праблема ўціхамірвання тылавога раёна... Своеасаблівы характар баявых дзеянняў абумовіў незабяспечанасць тылу, дзе нашым камунікацыям пагражаюць шматлікія рэшткі разбітых часцей праціўніка (1.7.1941)».


Баі на полацка-віцебскім напрамку

Злучэнні вермахта з 27 чэрвеня вялі наступ на гарады Полацк (гл. Полацка абарона 1941 г.) і Віцебск. Па загадзе новага камандуючага Заходнім фронтам Маршала Савецкага Саюза С. К. Цімашэнкі 6 ліпеня быў здзейснены контрудар сіламі 7‑га і 5‑га механізаваных карпусоў з раёна на поўнач ад Оршы ў фланг войскам 3‑й танкавай групы вермахта, якія наступалі на Віцебск (гл. Віцебска абарона 1941 г.). Аднак гэта не прынесла значнага поспеху (гл. Лепельскі контрудар 1941 г.). Да 8–9 ліпеня танкавыя дывізіі праціўніка падышлі да мяжы рэк Заходняя Дзвіна і Дняпро на фронце ад Полацка да Жлобіна. Да гэтага часу разгортванне на гэтым рубяжы савецкіх войскаў 22‑й, 20‑й, 21‑й і 19‑й армій яшчэ не было завершана. Праціўніку ўдалося прарвацца на стыку 20‑й і 22‑й армій і пачаць наступ на Смаленск. 9 ліпеня праціўнік уварваўся ў Віцебск і захапіў плацдарм на паўночным беразе Заходняй Дзвіны каля Дзісны, а таксама на Дняпры ў раёне Копысь — Шклоў.

Да 10 ліпеня нямецка-фашысцкія войскі прасунуліся на 450–600 км ад дзяржаўнай мяжы, захапілі большую частку тэрыторыі Беларусі. Пачалася Смаленская бітва 1941 г., часткамі якой сталі Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941 г., Магілёва абарона 1941 г. і Гомеля абарона 1941 г.

Пасля захопу Смаленска (14–16.7.1941) перадавымі варожымі злучэннямі і стварэння знешняга кальца акружэння часці злучэнняў Заходняга фронту, у т. л. 73‑я стралковая дывізія, якая бараніла Оршу, вымушаны былі пакінуць (16.7.1941) горад, а знакамітая 1‑я Маскоўская мотастралковая дывізія пасля няўдалага контрудару на Копысь з цяжкасцю выходзіла з акружэння. Іх становішча крыху палепшылася пасля прымянення «сакрэтнай зброі» — рэактыўных мінамётаў БМ‑13 («кацюш»), якія выклікалі вялікую паніку ў шэрагах праціўніка. У жніўні 1941 г. у раёне Жлобін — Гомель баі скончыліся акружэннем і паражэннем некалькіх карпусоў 13‑й і 21‑й армій.


Прычыны паражэння войскаў Заходняга фронту ў Беларусі

Аб прычынах паражэння і велізарных страт войск Заходняга фронту (незваротныя — звыш 340 тыс. чалавек, санітарныя — больш за 76 тыс. чалавек) ў Беларусі працягваюцца навуковыя дыскусіі.

Адной з істотных прычын аналітыкі лічаць пралікі кіраўніцтва СССР і Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі (РСЧА) у ацэнцы тэрмінаў нападу Германіі і спазненне з прывядзеннем у поўную баявую гатоўнасць часцей і злучэнняў акругі (фронту).

Сур’ёзнай прычынай паражэння, што паўплывала на ход бітваў на заходняй граніцы СССР, асабліва Заходняга фронту на тэрыторыі Беларусі, з’яўляўся адрыў савецкай ваеннай тэорыі і распрацаванай на яе аснове ваеннай дактрыны канца 1930‑х гг. ад аперацый праціўніка на пачатковым этапе Другой сусветнай вайны 1939–1945 гг. (паспяховыя наступальныя аперацыі вермахта ў Польшчы і на Заходнім фронце). Праціўнік наносіў галоўны ўдар на маскоўскім напрамку, а галоўныя сілы РСЧА былі сканцэнтраваны на кіеўскім напрамку.

На думку Г. К. Жукава, фатальную ролю адыграла «памылка, дапушчаная Генштабам РСЧА» па дыслакацыі значнай часткі войскаў Заходняй асобай ваеннай акругі ў Беластоцкім выступе. У 10‑й Беластоцкай арміі была сканцэнтравана самая сучасная баявая тэхніка (танкі КВ і Т‑34 і інш.), а таксама самалёты новых тыпаў (у асноўным яны былі знішчаны раніцай 22 чэрвеня на аэрадромах).

У камандавання армій і злучэнняў Заходняга фронту адсутнічалі дастатковы вопыт кіраўніцтва войскамі і навыкі правядзення сучасных аперацый. З 24 камандзіраў механізаваных злучэнняў (6 карпусоў і 18 дывізій) толькі адзін военачальнік (генерал-маёр М. Г. Хацкілевіч) меў стаж на пасадзе 12 месяцаў, а ў іншых 23 камандзіраў — у асноўным менш за 5–6 месяцаў. Такое становішча спраў з кадрамі было адным з наступстваў рэпрэсій у РСЧА ў 1937–1938 гг., а таксама паспешных аргвывадаў па выніках савецка-фінляндскай вайны 1939–1940‑х гг. і вайны ў Іспаніі 1936–1939 гг.

Адчувалася і недастатковая навучанасць лётнага і тэхнічнага складу ВПС, у прыватнасці па кіраванні і абслугоўванні самалётаў новых тыпаў, якія ў Заходнюю ваенную акругу сталі паступаць толькі ў канцы 1940 г. — пачатку 1941 г.

З прычыны слабой тэхнічнай аснашчанасці войск сувязі, ВПС, СПА і іншых родаў войск сучаснымі сістэмамі радыёсувязі ўскладнялася кіраванне войскамі, у т. л. і на ўзроўні Генштаба РСЧА (са слоў начальніка аператыўнага ўпраўлення Генштаба С. М. Штэменкі, аб узяцці Мінска і акружэнні 10 дывізій у Генштабе РСЧА «даведаліся не адразу»).

Упартыя абарончыя баі часцей і злучэнняў Заходняга фронту, бяспрыкладны гераізм савецкіх воінаў мелі важнае стратэгічнае значэнне. Баі на Дняпры, Заходняй Дзвіне і Друці (захоп сцяга Берлінскага корпуса і тысяч палонных) і ў цэлым на тэрыторыі Беларусі развеялі міф аб непераможнасці нямецка-фашысцкай арміі. Тысячы савецкіх воінаў, якія трапілі ў акружэнне, змагаліся да апошняга патрона, не скараліся ворагу, нават патрапіўшы ў палон.

Велізарная колькасць зброі і боепрыпасаў, якая засталася ў лясах рэспублікі, спрыяла хуткаму разгортванню партызанскага руху на Беларусі, што ў сваю чаргу з’явілася важным стратэгічным фактарам забеспячэння будучых перамог у вырашальных бітвах Вялікай Айчыннай вайны. Многія групы вайскоўцаў, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі, сталі асновай партызанскіх атрадаў. Сярод камандзіраў і начальнікаў штабоў партызанскіх атрадаў акружэнцы складалі да 40 %, у т. л. уцекачы з палону (больш за 15 %).

Галоўным вынікам абарончай аперацыі Заходняга фронту ў Беларусі стаў зрыў планаў германскага бліцкрыгу і вымушанае рашэнне камандавання вермахта аб прыпыненні наступу на маскоўскім напрамку і адтэрміноўцы наступу ў напрамку Чарнігаў — Кіеў.