АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ, нямецка-фашысцкіх захопнікаў на часова акупіраванай тэрыторыі СССР
pdf

АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ

Дата стварэння: 17.08.2023 13:39:49

Дата змены: 31.03.2025 16:46:30

АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ, нямецка-фашысцкіх захопнікаў на часова акупіраванай тэрыторыі СССР

Нямецка-фашысцкія захопнікі ў акупіраваным Мінску. Канец чэрвеня 1941 г.

АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ, нямецка-фашысцкіх захопнікаў на часова акупіраванай тэрыторыі СССР

Праверка гітлераўцамі дакументаў у мясцовых жыхароў у акупіраваным Мінску. 1943 г.

АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ, нямецка-фашысцкіх захопнікаў на часова акупіраванай тэрыторыі СССР

Разбураны нямецка-фашысцкімі захопнікамі цэнтр Мінска пасля вызвалення. 1944 г.

Акупацы́йны рэжы́м германскіх захопнікаў на тэрыторыі Беларускай ССР у час Вялікай Айчыннай вайны.

Комплекс ваенна-паліцэйскіх, палітычных, адміністрацыйна-тэрытарыяльных, эканамічных і ідэалагічных мерапрыемстваў, накіраваных на ўстанаўленне «новага парадку» шляхам ліквідацыі савецкага грамадска-палітычнага ладу, эканамічнай эксплуатацыі прыродных, матэрыяльных і людскіх рэсурсаў «усходняй прасторы» і правядзення палітыкі генацыду савецкіх ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва на захопленай тэрыторыі СССР, у т. л. у Беларусі ў 1941–1944 гг. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Практычныя задачы па ўвядзенні «новага парадку» на захопленай усходняй тэрыторыі былі вызначаны ў шэрагу дырэктыўных дакументаў, якія акрэслілі яшчэ да пачатку агрэсіі супраць СССР характар арганізацыі і дзейнасці акупацыйнай улады.

Ідэалагічнай асновай нацысцкай палітыкі з’яўлялася тэорыя аб «расавай перавазе» нямецкай нацыі, пашырэнні «жыццёвай прасторы» на ўсход і «гістарычным праве» Германіі на сусветнае панаванне. Самым трагічным увасабленнем гэтай тэорыі стаў спецыяльна распрацаваны нацысцкім кіраўніцтвам генеральны план «Ост» па каланізацыі захопленых усходніх тэрыторый, куды ўваходзіла і Беларусь. Згодна з планам, «прадугледжвалася высяленне 75 % беларускага насельніцтва з тэрыторыі, якую яно займала, а таксама падлягала анямечванню 25 % беларусаў па плане Галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі».

На тэрыторыі Беларусі акупацыйны рэжым абапіраўся на воінскія часці германскай арміі (гл. Вермахт), падраздзяленні паліцыі і службы бяспекі (СД), спецыяльныя войскі СС (аператыўныя групы і зондэркаманды), тайную палявую паліцыю, жандармерыю і дапаможныя паліцэйскія сілы, якія павінны былі забяспечваць ахову камунікацый і ваенных аб’ектаў, лагераў, турмаў, гета, а таксама праводзіць акцыі тэрору, гвалту і татальнага генацыду супраць ваеннапалонных, удзельнікаў супраціву і грамадзянскага насельніцтва.

У адпаведнасці з указам рэйхсканцлера (кіраўніка ўрада) Германіі і правадыра нацысцкай партыі А. Гітлера ад 17 ліпеня 1941 г. на акупаванай тэрыторыі СССР было ўведзена германскае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне, створаны выканаўчыя органы грамадзянскай улады і прызначаны кіраўнікі «новага парадку» ў рэйхскамісарыяце «Остланд».

Захопленая тэрыторыя Беларусі была канчаткова падзелена паміж ваеннай і грамадзянскай адміністрацыямі 20 кастрычніка 1941 г.

Уся паўната ўлады ў галіне ваеннага камандавання, якая ўключала зоны баявых дзеянняў сухапутных войскаў і тылавыя раёны асобных армій і груп армій, знаходзілася ў руках камандуючых войскамі вермахта. Тэрыторыя Віцебскай, Магілёўскай, значная частка Гомельскай, усход Мінскай і некаторыя раёны Палескай вобласці былі аднесены да вобласці армейскага тылу, дзе ўсе адміністрацыйныя функцыі знаходзіліся ў руках камандуючага тылам групы армій «Цэнтр» з падначаленымі яму палявымі (у Полацку, Віцебску, Лепелі, Оршы, Барысаве, Магілёве, Чэрыкаве, Клімавічах, Старых Дарогах, Бабруйску, Гомелі) і мясцовымі (у раённых цэнтрах і іншых буйных населеных пунктах) камендатурамі.

У зоне грамадзянскага кіравання (адміністрацыі) знаходзілася палова тэрыторыі (цэнтральная, заходняя, паўночна-заходняя і паўднёвая часткі) Беларусі з насельніцтвам 4,4 млн чалавек. Тут таксама меліся палявыя і мясцовыя ваенныя камендатуры, але грамадзянскае кіраванне было сканцэнтравана ў руках германскіх чыноўнікаў — акруговых і гарадскіх (у буйных гарадах) камісараў і ўзначаленых імі адміністрацыйных органаў — камісарыятаў. У дакументах і літаратуры камісарыятамі называліся не толькі гэтыя органы кіравання, але і падпарадкаваныя ім акругі («гебіты»), якія складаліся з некалькіх, радзей з двух раёнаў (савецкі падзел на раёны быў у асноўным захаваны, сельсаветы перайменаваны ў воласці).

На тэрыторыі дзейнасці ваеннай адміністрацыі па стане на 29 лістапада 1942 г. на ўліку галаўной групы «Праца» эканамічнага штаба «Усход» (дзейнасць біржаў працы «Віцебск», «Орша» і «Бабруйск») на ўліку знаходзілася 3 429 077 чалавек, што складала 55,8 % ад агульнай колькасці насельніцтва, зарэгістраванага на тэрыторыі вобласці тылу групы армій «Цэнтр» [пры гэтым колькасць працаздольнага насельніцтва (жанчын і мужчын) складала ад 39,1 % на тэрыторыі гаспадарчай каманды «Крычаў» да 55,1 % — на тэрыторыі гаспадарчай каманды «Магілёў»].

Частка тэрыторыі Беларусі, уключаная ў зону грамадзянскага кіравання, што знаходзілася на поўдзень ад лініі, якая праходзіла за 20 км на поўнач ад чыгункі Брэст — Гомель (паўднёвыя раёны Гомельскай, Брэсцкай, Пінскай абласцей, амаль уся Палеская вобласць), увайшла ў склад рэйхскамісарыята «Украіна». Тут былі створаны 4 акругі (акруговыя камісарыяты) з цэнтрамі ў Брэсце (меліся гарадскі і акруговы камісарыяты), Кобрыне, Пінску і Століне, якія ўваходзілі ў генеральную акругу (генеральны камісарыят) «Валынь і Падолія», і 6 акруг (акруговых камісарыятаў) з цэнтрамі ў Ельску, Камарыне, Лельчыцах, Мазыры, Петрыкаве і Рэчыцы ў складзе генеральнай акругі (генеральнага камісарыята) «Жытомір».

Беластоцкая вобласць («Крайскамісарыяты» Гродна, Ваўкавыск і інш.) і частка паўночных раёнаў Брэсцкай вобласці былі ўключаныя ў склад акругі «Беласток», якая кіравалася адміністрацыяй Усходняй Прусіі.

Паўночны захад Вілейскай вобласці адышоў да генеральнай акругі «Літва».

Горад Мінск, большая частка Мінскай (без усходніх раёнаў), Вілейскай (без паўночна-заходніх раёнаў), Баранавіцкая, паўночныя раёны Пінскай і некаторыя раёны Брэсцкай і Пінскай абласцей увайшлі ў генеральную акругу «Беларусь» (цэнтр у г. Мінск), уключаны разам з генеральнымі акругамі «Латвія», «Літва» і «Эстонія» ў рэйхскамісарыят «Остланд» (адміністрацыйны цэнтр у г. Рыга, Латвія), які разам з рэйхскамісарыятам «Украіна» падпарадкоўваўся германскаму міністэрству па справах усходніх тэрыторый на чале з А. Розенбергам з рэзідэнцыяй у Берліне. Вышэйшым органам грамадзянскай акупацыйнай адміністрацыі ў генеральнай акрузе «Беларусь» з’яўляўся генеральны камісарыят. У генеральную акругу «Беларусь» уваходзілі 10 акруг («гебітаў»): Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Мінская, Навагрудская, Слонімская, Слуцкая. Правы асобнай акругі меў г. Мінск. У кожнай акрузе дзейнічаў акруговы (у Мінску гарадскі) камісарыят.

Выканаўчымі органамі нямецкай адміністрацыі — грамадзянскай і ваеннай, у зоне армейскага тылу, — нароўні з гарадскімі камісарыятамі (Мінск, Баранавічы) таксама з’яўляліся мясцовыя дапаможныя органы (управы) гарадскога, валаснога і раённага звяна, створаныя з ліку калабарацыяністаў.

У кастрычніку 1941 г. у Мінску з асоб, якія супрацоўнічалі з акупантамі, па загадзе генеральнага камісара В. Кубэ ўтворана Беларуская народная самапомач (БНС). Яе сапраўдная мэта заключалася ў прыцягненні як мага большай колькасці беларусаў да супрацоўніцтва з акупантамі. Гэта ж у дачыненні да беларускай моладзі меў на мэце створаны 22 чэрвеня 1943 г. па загадзе В. Кубэ Саюз беларускай моладзі (СБМ).

У снежні 1943 г. створаны дапаможны орган беларускай краёвай адміністрацыі — Беларуская цэнтральная рада (БЦР), якая па загадзе акупантаў правяла вясной 1944 г. прымусовую мабілізацыю мужчын, народжаных у 1908–1924 гг., з мэтай стварэння цалкам падкантрольнага германскім СС і паліцыі «беларускага войска» — так званай Беларускай краёвай абароны (БКА). У гады германскай акупацыі на тэрыторыі Беларусі ў розны час дзейнічалі латышскія, украінскія, беларускія, літоўскія і эстонскія ахоўныя паліцэйскія батальёны.

Задачы па эканамічнай эксплуатацыі беларускіх тэрыторый, якія ўваходзілі ў генеральныя акругі «Беларусь», «Валынь і Падолія», «Жытомір», вырашалі 20 аддзелаў эканомікі, непасрэдна падпарадкаваных акруговым камісарам. Дзейнічала цэлая сістэма эканамічнай эксплуатацыі: з першых дзён аперацыі «Барбароса» захопленая тэрыторыя Беларусі стала аб’ектам дзеянняў трох армейскіх гаспадарчых аддзелаў, чатырох спецыяльных гаспадарчых каманд і іх філіялаў, а таксама больш як 10 нарыхтоўчых службаў, гаспадарчых аддзелаў галоўнага кватэрмайстра, ахоўных дывізій і палявых камендатур. Тэрыторыя Беларусі была падзелена на 7 гаспадарчых зон, дзе 39 выканаўчых ваенна-гаспадарчых суб’ектаў кіраваліся нацысцкімі інструкцыямі па канфіскацыі з акупаваных абласцей харчавання для германскай арміі.

Для вырашэння задач, звязаных з харчовым забеспячэннем вермахта за кошт усходніх тэрыторый, вышэйшым ваенна-эканамічным кіраўніцтвам Германіі была створана адмысловая выканаўчая структура — Цэнтральнае гандлёвае таварыства «Усход» па нарыхтоўцы і збыце сельскагаспадарчай прадукцыі (ЦГТ «Усход» з абмежаванай адказнасцю). У адпаведнасці з указам упаўнаважанага па «чатырохгадовым плане» Г. Герынга ад 27 ліпеня 1941 г. ЦГТ ставілася галоўная мэта па выкарыстанні занятых тэрыторый для гарантаванага забеспячэння харчаваннем дзеючых ваенных часцей. На тэрыторыі рэйхскамісарыятаў «Остланд» і «Украіна», а таксама ў глыбокім армейскім тыле былі створаны галоўныя камерцыйныя канторы ЦГТ «Усход». Адна з галоўных кантор размяшчалася ў г. Барысаў. Яна кіравала камерцыйнымі канторамі на ўсходзе Беларусі (гарады Орша, Бабруйск, Віцебск) і захадзе Расіі (гарады Смаленск і Арол). Мінская камерцыйная кантора падпарадкоўвалася Рыжскай галоўнай канторы. Кожная камерцыйная кантора мела філіялы і аддзяленні. Мінская кантора ўключала 9 філіялаў і 61 аддзяленне. Пры выкананні сваёй задачы па рабаванні беларускага народа канторы ЦГТ цесна супрацоўнічалі з грамадзянскімі і ваеннымі акупацыйнымі ўладамі.

Грамадзянскае насельніцтва было абавязана выконваць розныя працоўныя павіннасці, працуючы ў сярэднім па 12 гадзін у суткі. На акупаванай тэрыторыі Беларусі была часткова адноўлена праца на больш як 800 прамысловых прадпрыемствах. Сельская гаспадарка пад кантролем «сельскагаспадарчых фюрараў» выконвала гадавыя гаспадарчыя заданні па абавязковых пастаўках збожжа, мяса, яек і іншых прадуктаў харчавання, а таксама сена, лёну, воўны і г. д.

Згодна з нямецкімі дакументамі, найбольш значнымі былі пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі толькі ў 1942 г., калі воінскія часці вермахта групы армій «Цэнтр» атрымалі з тэрыторыі генеральнай акругі «Беларусь» і зоны ваеннага кіравання: хлеба — 60 %, фуражу — 20 %, мяса — 65 %, бульбы — 90 %, тлушчаў — 10 %, а таксама сена — 40 % і саломы — 20 %. За тры гады акупацыі з тэрыторыі Гаспадарчай інспекцыі Цэнтр быў атрыманы ўраджай збожжавых у 3 888,6 тыс. т, з якіх на долю Беларусі выпадала 58,6 %. Пры гэтым у 1943 г. ураджай збожжавых складаў толькі 28,6 % у адносінах да 1942 г. За 2 першыя гаспадарчыя гады з усёй тэрыторыі Гаспадарчай інспекцыі Цэнтр было таксама атрымана 3 696,5 тыс. т бульбы.

У выпадку невыканання гэтых нормаў у дачыненні да кожнага асобнага селяніна або ўсёй вясковай абшчыны ўводзіліся штрафныя санкцыі або выкарыстоўваліся прымусовыя меры, у выніку беларускія сяляне заставаліся без прадуктаў і былі асуджаны разам з сем’ямі на галодную смерць. Сабатаж або невыкананне ваенных паставак таксама вялі да штрафных санкцый з выкарыстаннем грашовых штрафаў, рэквізіцый жывёлы і інвентару, высялення з вёскі, прыцягнення да прымусовых работ або арышту.

Аднак правядзенне германскімі акупантамі запланаваных нарыхтовак сельгаспрадукцыі часцей за ўсё зрывалася з прычыны актывізацыі партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. Так, у справаздачы аб гаспадарчым становішчы ў генеральнай акрузе «Беларусь» ад 7 верасня 1943 г. адзначалася, што па выніках выканання 1942/43 гаспадарчага года было нарыхтавана (у % ад запланаванага): збожжа — 81,5 %, саломы — 80 %, сена — 83,9 %, бульбы — 62,2 %, тлушчаў — 38,5 %, ільнонасення — 82,5 %. З гэтых нарыхтаваных аб’ёмаў у выніку партызанскай дзейнасці было згублена: збожжа — 15 %, саломы — 50 %, сена — 41 %, бульбы — 5,4 %, мяса — 11,2 %, тлушчаў — 10 %. З мэтай іх атрымання акупанты пачалі праводзіць спецыяльныя карныя акцыі.

Пра маштабы эканамічных злачынстваў германскіх акупацыйных ваенна-гаспадарчых органаў сведчаць дакументы: у гады германскай акупацыі ў насельніцтва Беларусі было рэквізавана, забіта і сагнана буйной рагатай жывёлы, коней, свіней, авечак і коз — 5 638 тыс. галоў на агульную суму 4 096 млн руб., канфіскавана запасаў збожжа, мукі, бульбы, гародніны і садавіны — 5 130 тыс. т на суму 3 100 млн руб. Маёмасная шкода ў грашовым выражэнні, нанесеная калгасам, саўгасам і машынна-трактарным станцыям (МТС) Беларускай ССР нямецка-фашысцкімі акупантамі, вымяраецца агульнай сумай у 22 471,943 млн руб.

У ваенную эканоміку Германіі было ўцягнута каля 400 тыс. чалавек, вывезеных з тэрыторыі Беларусі на прымусовыя работы ў Германію за 1942–1944 гг.

Вярбоўкай мясцовага насельніцтва ў рэйх на тэрыторыі Беларусі, якая ўваходзіла ў зону армейскага тылу, займаліся спецыяльна створаныя групы «Праца» пры трох вядучых гаспадарчых камандах, якія дзейнічалі ў гарадах: Віцебск (філіялы ў г. п. Шуміліна, г. Гарадок, г. п. Лёзна, г. Сянно, на станцыі Езярышча), Орша Віцебскай вобласці (філіял у г. Дуброўна), Бабруйск Магілёўскай вобласці (філіял у г. Асіповічы), а таксама біржы працы ў гарадах Полацк, Лепель (філіялы ў гарадскіх пасёлках Чашнікі і Бешанковічы) Віцебскай вобласці, Барысаў (філіялы ў г. п. Талачын Віцебскай вобласці і г. Чэрвень) Мінскай вобласці, Магілёў (філіялы ў г. п. Бялынічы і г. Быхаў Магілёўскай вобласці), Жлобін Гомельскай вобласці, Гомель (філіялы ў Навабеліцкім раёне Гомеля, г. Добруш, г. п. Церахоўка, г. Чачэрск Гомельскай вобласці), Крычаў (філіял у г. Чэрыкаў), Клімавічы (філіял у г. Касцюковічы) Магілёўскай вобласці. Калі да лета 1943 г. з тэрыторыі Эканамічнай інспекцыі Цэнтр штотыдзень курсіравалі 5 саставаў па вывазу рабочай сілы (з Оршы — у нядзелю, з г. Клінцы Арлоўскай вобласці Расіі — у аўторак, з Арла і Віцебска — у сераду, з г. Рослаўль Смаленскай вобласці — у пятніцу), то пачынаючы з 3 жніўня 1943 г. іх засталося толькі 2 (адпраўляліся штотыдзень па аўторках і пятніцах з г. Рудня Смаленскай вобласці, Віцебска і Полацка).

Аб выкарыстанні людскіх рэсурсаў сведчыць «Распараджэнне аб увядзенні працоўнай павіннасці і прыцягненні да працы мясцовага насельніцтва ў галіне аператыўных баявых дзеянняў», выдадзенае начальнікам штаба сухапутных войскаў вермахта 6 лютага 1943 г. Ад працадаўцаў патрабавалася падаваць на біржу працы звесткі пра рабочых, занятых не па спецыяльнасці, што давала магчымасць больш рацыянальна выкарыстоўваць працоўную сілу. Аналагічная інфармацыя прадастаўлялася і ў дачыненні да нежанатых рабочых (іх было прасцей выкарыстоўваць за межамі пражывання, а на іх месца рэкамендавалася прызначаць часткова працаздольных грамадзян). Устанаўліваўся працоўны тыдзень працягласцю 54 гадзіны, а таксама агаворвалася магчымасць выкарыстання рабочых на звышпланавых, начных работах, на працы ў святочныя і выхадныя дні.

Ва ўмовах германскай акупацыі мясцовая рабочая сіла ператваралася ў важны стратэгічны фактар германскай акупацыйнай палітыкі. Асаблівы маштаб набыло выкарыстанне рабочай сілы ва ўсходняй частцы Беларусі ў сувязі з узвядзеннем вермахтам умацаваных абарончых рубяжоў, т. зв. усходняга вала. З восені 1943 г. масавай з’явай ваеннай паўсядзённасці становіцца «татальнае» выкарыстанне мясцовай рабочай сілы. Так, калі ў Гомелі ў красавіку 1942 г. да выканання гаспадарчых работ быў прыцягнуты кожны пяты жыхар акупаванага горада (з 54 тыс.), то праз паўгода — кожны трэці. Вясной 1943 г. у раёне Оршы і Віцебска для правядзення такіх работ патрабавалася 50 тыс. чалавек рабочай сілы.

Пра маштабы выкарыстання мясцовага насельніцтва сведчаць шматлікія дакументальныя даныя па колькасці месцаў «прымусовага ўтрымання» грамадзянскага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі Беларусі, дзе ў гады германскай акупацыі знаходзілася: 153 гета (36 у Мінскай вобласці, 35 —Віцебскай, 29 — Гродзенскай, 25 — Брэсцкай, 25 — Гомельскай і 8 — Магілёўскай; самыя буйныя гета знаходзіліся ў Мінску, Брэсце, Гродне, Баранавічах і Пінску), 72 лагеры для грамадзянскага насельніцтва (52 з іх на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей), 54 працоўныя падраздзяленні (батальёны, роты, калоны і каманды), 47 рабочых і працоўных лагераў, 21 лагер для ваеннапалонных і грамадзян, 2 папраўча-працоўныя лагеры або штрафныя батальёны. Акрамя таго, нельга не ўлічваць сферу прамой дзейнасці гаспадарчых службаў і біржаў працы ваенных і грамадзянскіх органаў германскай улады пры выкананні розных работ на прамысловых і сельскагаспадарчых аб’ектах, дзе агульная колькасць занятых складала ад 550 да 580 тыс. чалавек. Амаль удвая больш мясцовага насельніцтва было занята ў сельскай гаспадарцы.

Агульная колькасць мясцовага насельніцтва, якое прыцягвалася да абавязковай, прымусовай і рабскай працы на тэрыторыі захопленай Беларусі, у т. л. беларускіх остарбайтараў у рэйху, склала за гады германскай акупацыі звыш 2 млн чалавек.

Спробы вырашэння германскімі органамі акупацыйнай улады задач па максімальна поўным выкарыстанні прыродных, вытворчых і людскіх рэсурсаў у занятых сферах сведчылі аб ператварэнні самога чалавека ў галоўны вытворчы фактар не толькі ў рэйху, але і на захопленай тэрыторыі Беларусі.

У 1943–1944 гг. адбыліся змены ў складзе ваенных і паліцэйскіх падраздзяленняў, якія адказвалі за правядзенне акупацыйнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі. Галоўнымі выканаўчымі органамі акупацыйнай улады ў зоне тылу групы армій «Цэнтр» па-ранейшаму заставаліся ваенныя камендатуры. Разам з часцямі вермахта пры цесным супрацоўніцтве з часцямі СС і германскай паліцыі яны забяспечвалі правядзенне палітыкі знішчэння ў дачыненні да савецкіх ваеннапалонных, яўрэяў і падазроных грамадзян. Акрамя нямецкіх ахоўных дывізій, якія дзейнічалі ва ўсходняй частцы Беларусі, там было задзейнічана 38 ахоўных батальёнаў, 3 паліцэйскія палкі, 1‑я матарызаваная пяхотная дывізія СС, французскі полк, 4 конныя эскадроны з мясцовых калабарацыяністаў, 9 батальёнаў мясцовай паліцыі, часткова падпарадкаваных начальніку СС і паліцыі. У маі 1943 г. ваенным камендантам падпарадкоўвалася 59 ахоўных батальёнаў, з якіх толькі 26 — камандаванню воінскіх часцей вермахта пры іх сярэдняй колькасці каля 350 чалавек кожны. Ахоўныя падраздзяленні на тэрыторыі Беларусі налічвалі больш як 20 тыс. чалавек. Усяго ў канцы 1943 г. на тэрыторыі генеральнай акругі «Беларусь» у распараджэнні камандуючага войскамі вермахта на тэрыторыі «Остланда» знаходзілася 75 ахоўных батальёнаў агульнай колькасцю ад 30 да 37 тыс. чалавек, у распараджэнні начальніка СС і паліцыі было больш за 20 батальёнаў, сярод якіх 9 батальёнаў СС і паліцыі, 15 батальёнаў мясцовай паліцыі, якія вялі «вайну за жыццёвую прастору», дзе адзіным сродкам у дачыненні да мірнага насельніцтва з’яўлялася масавае знішчэнне.

Вайна Германіі супраць СССР з першых крокаў вермахта па савецкай зямлі з’яўлялася злачыннай захопніцкай вайной за «жыццёвую прастору на Усходзе» з мэтай ліквідацыі так званага «яўрэйскага бальшавізму», знішчэння яўрэяў і камуністычнай праслойкі савецкай краіны, значнага скарачэння славянскага насельніцтва, г. зн. «спланаванай дзяржаўнай праграмай вялікай расава-ідэалагічнай і палітычна матываванай вайны на знішчэнне», праграмай генацыду. Масавы тэрор, прыгнёт і дэпартацыя, разбурэнне, знішчэнне і спусташэнне рабілі нацысцкі прыгнёт абсалютна нясцерпным для беларускага народа, які аказваў усё большы супраціў акупантам на тэрыторыі Беларусі ў 1943–1944 гг.

На тэрыторыі Беларусі ў тыле групы армій «Цэнтр», якая знаходзілася ў сферы дзейнасці ваеннай адміністрацыі, у ходзе «першай» і «другой хвалі» па ліквідацыі яўрэйскага насельніцтва былі цалкам знішчаны не толькі спецыяльныя «жылыя раёны» (гета), але і часовыя рабочыя лагеры. Галоўнымі выканаўцамі злачынных акцый па знішчэнні яўрэяў выступалі спецыяльныя падраздзяленні айнзацкаманд 8 і 9, сілы якіх цалкам ліквідавалі яўрэйскае насельніцтва ў паўночнай частцы Беларусі. Сярод непасрэдных удзельнікаў знішчэння яўрэяў значацца таксама асобныя часці вермахта і мясцовай службы парадку. Да лета 1943 г. яўрэі заставаліся толькі ў асобных працоўных лагерах СС і як рабочая сіла ў будаўнічай «арганізацыі Тота» ў некаторых гарадах усходняй часткі Беларусі. Толькі восенню, у сувязі з пачаткам падрыхтоўкі асобных падраздзяленняў вермахта да эвакуацыі, у рэйх было адпраўлена 6 эшалонаў, у якіх было вывезена ад 3 да 6 тыс. яўрэяў, у т. л. каля 1 тыс. з былых працоўных лагераў у Смаленску, Магілёве і Бабруйску.

Да пачатку 1943 г. фактычна завяршылася «другая хваля» знішчэння яўрэяў у Беларусі, якая адбывалася ў рамках нацысцкай палітыкі «канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання», праведзеная германскім ваенна-паліцэйскім апаратам на акупаваных усходніх тэрыторыях, у т. л. камандаваннем групы армій «Цэнтр», грамадзянскай адміністрацыяй генеральных камісарыятаў «Беларусь», «Валынь і Падолія», «Жытомір», акругі «Беласток» разам са службамі СС і паліцыі на тэрыторыі Беларусі. Нямецкія дакументы змяшчаюць шэраг фактаў пра тое, што ў выніку правядзення арганізаванай і спланаванай кампаніі яўрэйскае насельніцтва было цалкам знішчана ў сферы дзейнасці вайсковай адміністрацыі, г. зн. ва ўсходняй частцы Беларусі, і амаль цалкам на тэрыторыі нямецкай грамадзянскай адміністрацыі на поўдні, у цэнтральнай і заходняй частках Беларусі. Калі ў зоне армейскага тылу загад аб ліквідацыі яўрэяў ваеннае камандаванне, службы паліцыі і бяспекі выконвалі беспярэчна, то ў зоне грамадзянскай адміністрацыі акруговыя камісары і кіраўнікі аддзелаў па забеспячэнні рабочай сілай і біржаў працы пакідалі нейкую колькасць яўрэйскай рабочай сілы для выканання розных работ на месцах.

Другая фаза знішчэння яўрэяў завяршылася ў сувязі са спыненнем існавання гета. Рэйхсфюрарам СС і германскай паліцыі Г. Гімлерам 21 чэрвеня 1943 г. быў выдадзены спецыяльны загад, якім ён загадваў завяршыць перасяленне яўрэяў у стацыянарныя канцэнтрацыйныя лагеры.

Дакументальныя звесткі сведчаць пра тое, што германская акупацыйная ўлада на тэрыторыі Беларусі ўпісала адну з самых злачынных старонак у гісторыі нацысцкага генацыду, звязанага са знішчэннем мясцовых яўрэяў і яўрэяў еўрапейскіх краін у 1942–1944 гг. Да канца гэтага перыяду, калі акупанты завяршылі «канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання» на тэрыторыі Беларусі, паводле даных даследчыкаў 1990‑х гадоў, было загублена звыш 400 тыс. яўрэяў, абсалютная большасць з якіх загінула ў час «другой хвалі» іх знішчэння. Паводле даных на 2022 год, гаворка ідзе ўжо пра 523 месцы масавага знішчэння яўрэяў, у т. л. пра 16 месцаў гібелі яўрэяў разам з людзьмі іншых нацыянальнасцей і замежных яўрэяў. У 507 месцах на тэрыторыі Беларусі было знішчана 661 909 яўрэяў. За гады акупацыі з 33 гарадоў і мястэчак рэспублікі дэпартаваны ў лагеры смерці 83 432 яўрэі, дзе яны пасля былі знішчаны. Такім чынам, германскімі нацыстамі і іх памагатымі быў злачынна забіты 751 861 яўрэй з ліку тых, хто пражываў у Беларусі або спецыяльна прывезеных на яе тэрыторыю для знішчэння.

Масавая гібель савецкіх ваеннапалонных у нямецкім палоне ў акупаванай Беларусі з’яўлялася адной з галоўных асаблівасцей функцыянавання арганізацыйнай сістэмы германскіх лагераў для ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў зоне дзеяння як ваеннай, так і грамадзянскай адміністрацыі.

Сістэма тэрору ўключала тут 53 профільныя лагеры для савецкіх ваеннапалонных (у т. л. 12 зборных армейскіх пунктаў, 23 перасыльныя лагеры — дулагі, 16 стацыянарных лагераў для радавога і сяржанцкага складу — шталагаў і два лагеры для афіцэрскага складу — афлагі), а таксама 87 дапаможных лагераў і аддзяленняў для ваеннапалонных на чыгуначных станцыях і 121 лагер ваеннапалонных з нявызначанымі кваліфікацыйнымі прыкметамі (з іх на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці — 12, Віцебскай — 22, Гомельскай — 19, Гродзенскай — 12, Мінскай — 38, Магілёўскай — 18). Лагеры ваеннапалонных і іх падраздзяленні знаходзіліся ў 180 населеных пунктах Беларусі, у т. л. у Мінску — 20, Барысаве — 14, Оршы — 11, Бабруйску — 9, Магілёве — 8, Гомелі — 7, Брэсце і Баранавічах — па 6, Віцебску і Гродне — па 5, Слуцку, Жлобіне і Полацку — па 4, Стоўбцах, Маладзечне, Лідзе і Пінску — па 3. Усяго ў лагерах ваеннапалонных і іх філіялах ўтрымлівалася каля 1,2 млн савецкіх ваеннапалонных, больш як 810 тыс. з іх загінулі. На думку нямецкага гісторыка К. Герлаха, менавіта Беларусь з’яўлялася цэнтрам масавай гібелі савецкіх ваеннапалонных у гады германскай акупацыі. Кожны пяты ваеннапалонны, які памёр у нямецкім палоне, знаходзіўся ў адным з лагераў на беларускай зямлі. Кожны трэці ваеннапалонны, які апынуўся ў палоне ў зоне тылу групы армій «Цэнтр», памёр на тэрыторыі Беларусі.

Агульная колькасць савецкіх ваеннапалонных, памерлых у зоне тылу групы армій «Цэнтр» на працягу зімы 1942–1943 гг. была значна меншай у параўнанні з суровай зімой 1941–1942 гг. (тады яе не перажыў на тэрыторыі Беларусі амаль кожны трэці савецкі ваеннапалонны). Асабліва вялікай была смяротнасць у дулагах Барысава, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Крычава, Оршы, Полацку, Баравухі (пад Полацкам) і лагерах у Бабруйску. Як правіла, месцам іх размяшчэння выбіраліся станцыі ўздоўж чыгуначных магістраляў Мінск — Барысаў — Смаленск, Гомель — Бабруйск — Мінск, Полацк — Даўгаўпілс, Гомель — Бранск для зручнасці транспарціроўкі палонных на захад. Паводле табліцы, складзенай К. Герлахам на аснове выяўленых дакументальных крыніц, самая вялікая колькасць ахвяр за гады акупацыі была ў лагерах Віцебска, Мінска, Гомеля і Бабруйска.

Згодна з матэрыяламі Беларускай рэспубліканскай камісіі садзейнічання ў працы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў і іх саўдзельнікаў (НДК), за гады германскай акупацыі на тэрыторыі Беларусі быў знішчаны 810 091 савецкі ваеннапалонны, з іх, па адміністрацыйным дзяленні, уведзеным з 20 верасня 1944 г., на тэрыторыі Мінскай вобласці — 101 590 чалавек, Магілёўскай — 59 131, Віцебскай — 92 891, Гомельскай — 114 476, Бабруйскай — 54 013, Полацкай — 157 007, Палескай — 3 120, Гродзенскай — 441 330, Брэсцкай — 38 858, Баранавіцкай — 24 613, Маладзечанскай — 34 652 ваеннапалонныя.

Як паказвае храналогія нацысцкага генацыду на тэрыторыі Беларусі, палітыка нацысцкага тэрору ў дачыненні да мірнага гарадскога і сельскага насельніцтва выцякала з палажэнняў генеральнага плана «Ост» аб каланізацыі Беларусі і ліквідацыі беларускага народа як самастойнай нацыі. У адпаведнасці з картай германскай каланізацыі Прыбалтыкі і Беларусі, зацверджанай у лістападзе 1942 г., вызначана тэрыторыя для пасялення «прывілеяваных слаёў германскага грамадства», нанесены запланаваныя апорныя пункты, новыя транспартныя пуці, гарады і іх назвы пазначаны рознага памеру кружкамі, а лічбамі — планавая колькасць размяшчэння мясцовага насельніцтва і нямецкіх каланістаў у найбольш буйных апорных пунктах. У Мінску, напрыклад, акупанты збіраліся пасяліць 50 тыс. немцаў і пакінуць для выкарыстання ў якасці працоўнай сілы 100 тыс. мясцовых жыхароў. У Гомелі — адпаведна 30 тыс. і 50 тыс., Магілёве — 20 тыс. і 50 тыс., Віцебску — 20 тыс. і 40 тыс., Бабруйску — 20 тыс. і 50 тыс., Полацку — 10 тыс. и 25 тыс., Оршы — 10 тыс. і 20 тыс., Маладзечне — 7 тыс. і 15 тыс., Барысаве — 5 тыс. і 15 тыс., Лідзе — 5 тыс. і 15 тыс., Навагрудку — 5 тыс. і 15 тыс. і г. д.

За гады германскай акупацыі на тэрыторыі Беларусі было спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў з 270. З больш як 11 тыс. беларускіх вёсак, якія падвергнуліся знішчэнню, 5 295 вёсак былі знішчаны разам з усім або часткай насельніцтва. З агульнай колькасці вёсак, спаленых разам з усім або часткай насельніцтва, 81 % быў знішчаны ў 1943–1944 гг., калі на акупаванай тэрыторыі быў уведзены ў практыку метад «мёртвых зон». Сваёй кульмінацыі гэта палітыка дасягнула ў апошнія месяцы акупацыі. Толькі войскі вермахта, размешчаныя ў генеральнай акрузе «Беларусь», правялі ў сакавіку 1944 г. 158 карных аперацый, у красавіку — 198, у маі — 196, ператвараючы тэрыторыю ў бязлюдную пустыню.

У якасці аднаго з метадаў ліквідацыі падазроных сярод мірнага насельніцтва выкарыстоўвалася так званая «барацьба з партызанамі». Выкарыстоўваючы гэты раней адпрацаваны метад, начальнік СС і паліцыі Остланда Ф. Екельн абвясціў «сапраўдную вайну» ў памежным раёне Беларусі і Латвіі (сучасны Верхнядзвінскі раён) з мэтай устанаўлення 40‑кіламетровай зоны бязлюднай пустэчы. З удзелам латышскіх, літоўскіх і ўкраінскіх паліцэйскіх батальёнаў у гэтым раёне была праведзена шматдзённая карная аперацыя па ліквідацыі мірных беларускіх вёсак. У якасці схемы знішчэння быў вызначаны наступны метад: расстрэл на месцы ўсіх падазроных асоб, галоўным чынам мужчын ва ўзросце ад 16 да 50 гадоў; іншыя падазроныя — а гэта старыя і нетранспартабельныя — таксама неадкладна расстрэльваліся, а дзеці і жанчыны зганяліся ў зборныя лагеры. Далей жанчыны адпраўляліся ў рэйх на работы, а дзеці пасля знаходжання ў канцлагерах на тэрыторыі Латвіі (Саласпілс і інш.) гінулі ці перадаваліся латышскаму насельніцтву. Вёскі нішчыліся і спальваліся акупантамі.

У ходзе правядзення татальнай вайны на знішчэнне партызанскіх зон і блізкіх да іх вёсак з мірным насельніцтвам на тэрыторыі Беларусі самай буйной з’яўлялася карная аперацыя «Котбус» (май — чэрвень 1943 г.), загадзя спланаваная з удзелам камандуючага сіламі вермахта ў тылавым раёне групы армій «Цэнтр» генерала пяхоты М. фон Шэнкендорфа, упаўнаважанага рэйхсфюрара СС і германскай паліцыі па барацьбе з партызанамі на тэрыторыі Цэнтральнай Расіі обергрупенфюрара СС і генерала паліцыі Э. фон дэм Бах-Зялеўскага і намесніка начальніка СС і паліцыі Цэнтральнай Расіі брыгадэфюрара СС і генерал-маёра паліцыі К. фон Готберга ў дачыненні да тэрыторыі ў раёне возера Палік плошчай звыш 3,2 тыс. км² і насельніцтвам 80 тыс. чалавек. Паводле нямецкіх звестак, у аперацыі ўдзельнічала 16 662 чалавекі ў складзе двух палкоў паліцыі СС, асобага батальёна А. Дырлевангера, 7 батальёнаў вермахта і 8 усходніх батальёнаў, а таксама некаторых ахоўных часцей. З красавіка да іх былі далучаны сілы артылерыі 286‑й ахоўнай дывізіі і 813‑й палявой камендатуры. Распачатая 20 мая карная аперацыя «Котбус» мела самыя страшныя наступствы для мірнага насельніцтва і партызан. Звыш 20 тыс. чалавек, уключаючы дзяцей, былі знішчаны, з іх толькі каля тысячы чалавек мелі зброю, г. зн. больш як 90 % ахвяр фактычна былі мірныя жыхары. Акрамя таго, былі ўзяты ў якасці працоўнай сілы 4 997 мужчын і 1 056 жанчын. Асаблівую стараннасць у знішчэнні мірнага насельніцтва і спусташэнні беларускіх вёсак на тэрыторыі Міншчыны праявіла падраздзяленне А. Дырлевангера, якое рапартавала аб выкананні загаду і ператварэнні раёна ў пустыню (знішчылі 14 тыс. чалавек).

Нямецка-фашысцкія акупанты пакінулі на беларускай зямлі крывавы след: з улікам франтавых страт Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара. Нацысцкія каты знішчылі больш за 1,5 млн мірных жыхароў Беларусі, у т. л. 80 тыс. дзяцей. За больш чым 3 гады акупацыі памерлі ад голаду, эпідэмій і іншых прычын, звязаных з вайной, 800 тыс. чалавек. У лагерах на тэрыторыі Беларусі было знішчана больш як 800 тыс. ваеннапалонных. Ажыццяўляючы злачынную палітыку генацыду, акупанты з першых дзён ператварылі тэрыторыю Беларусі ў палігон па масавым знішчэнні людзей.

Гітлераўцы стварылі ў Беларусі 260 лагераў смерці, якія функцыянавалі пад рознымі назвамі: лагеры ваеннапалонных, канцэнтрацыйныя лагеры для грамадзянскага насельніцтва, гета, турмы, лагеры каля пярэдняга краю нямецкай абароны і інш. Найбуйнейшы з іх па колькасці забітых і закатаваных людзей — Трасцянецкі лагер смерці (206,5 тыс. чалавек розных нацыянальнасцей з Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Чэхіі). Найбуйнейшымі месцамі масавага знішчэння людзей былі таксама Мінск і яго наваколле (400 тыс. чалавек), раён Полацка (каля 150 тыс.), Баранавічы (110 тыс.), Гомель (каля 100 тыс.), Магілёў (больш за 70 тыс.), Пінск (каля 60 тыс.), Бабруйск (больш за 44 тыс.), Брэст (больш за 34 тыс.), Барысаў (33 тыс.), Гродна (больш за 30 тыс.).

У выніку нацысцкай акупацыі і ваенных дзеянняў эканоміка рэспублікі была адкінута на 30 гадоў назад: разрабавана і знішчана 85 % прамысловых прадпрыемстваў, на 43 % скараціліся пасяўныя плошчы. Незваротна згублена звыш 500 помнікаў культурнага і навуковага характару, нанесены ўрон культурным установам рэспублікі: акупанты разбурылі звыш 5,3 тыс. клубаў і чырвоных куткоў, цалкам знішчылі амаль 6 180 школ, спустошылі каля 2 200 медыцынскіх устаноў, больш за 2 600 дзіцячых садкоў, больш за 200 бібліятэк, 26 музеяў, шмат іншых устаноў культуры.