Дата стварэння: 17.08.2023 13:40:33
Дата змены: 10.11.2025 11:50:07
Бяго́мльскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала ў акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. п. Бягомль і Бягомльскім раёне Мінскай вобласці (цяпер тэрыторыя Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці) з ліпеня 1941 г. да верасня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Мела 2 групы, налічвала каля 20 падпольшчыкаў.
Група ў Бягомлі, якую ўзначальваў камуніст Я. А. Шаўцоў, створана ў жніўні 1941 г. па заданні сакратара Бягомльскага райкама КП(б)Б С. С. Манковіча, пакінутага ў тыле ворага для падпольнай работы. У яе, акрамя Я. А. Шаўцова, уваходзілі камуністы Ф. А. Буланда, Н. I. Бычынская, К. Д. Патапейка, камсамольцы У. Г. Ганчар, У. A. Печань і М. А. Печань, У. В. Таракан, С. С. Хацкевіч.
Партыйна-камсамольская група ў в. Нябышына ўзнікла ў ліпені 1941 г., арганізатар і кіраўнік — А. Ф. Фрол. Падпольшчыкі былі звязаны з партызанскімі групамі і атрадамі, збіралі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, звесткі аб праціўніку, харчы, бланкі дакументаў.
Патрыёты з Бягомля пераправілі ў партызанскі атрад «Барацьба» кулямёт, 20 вінтовак, некалькі скрынак гранат, толу, узрывальнікі, бікфордаў шнур. Зімой 1941–1942 гг. яны сарвалі збор цёплай вопраткі, збожжа, жывёлы, што праводзілі акупанты і іх памагатыя для нямецкай арміі. У сакавіку — красавіку 1942 г. разам з партызанамі знішчылі ў гapадскім пасёлку харчовы склад, узарвалі лакамабіль прамкамбіната. Вялі актыўную работу па выкрыцці лжывай фашысцкай прапаганды. Мелі 2 радыёпрыёмнікі, якія былі схаваны на канспіратыўных кватэрах у К. Д. Патапейкі і У. В. Таракана. Тут запісвалі зводкі Саўінфармбюро, якія потым распаўсюджвалі сярод насельніцтва.
Падпольшчыкі в. Нябышына перадалі атраду «Барацьба» каля 50 вінтовак, больш за 2 тыс. патронаў. Дзякуючы іх інфармацыі, партызаны атрада «Рамана» ў жніўні 1942 г. адбілі ў праціўніка 50 падвод солі і раздалі яе насельніцтву.
У канцы мая 1942 г. фашысты раскрылі падпольную групу ў Бягомлі. У чэрвені 1942 г. пасля катаванняў пакараны смерцю Ф. А. Буланда, Н. I. Бычынская, У. Г. Ганчар, К. Д. Патапейка, У. А. Печань, М. А. Печань, У. В. Таракан, С. С. Хацкевіч, Я. А. Шаўцоў. У верасні 1942 г. палавіна нябышынскіх падпольшчыкаў пайшла ў партызаны, і група спыніла сваю дзейнасць. Астатнія патрыёты былі сувязнымі партызанскай брыгады «Жалязняк» Мінскай вобласці да вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
У Бягомлі на будынку школы ў гонар падпольшчыкаў у 1979 г. устаноўлена мемарыяльная дошка, у 2022 г. — мемарыяльны знак на месцы іх расстрэлу гітлераўцамі.