pdf

«АЛЬБЕРТ I»

Дата стварэння: 01.03.2023 14:51:37

Дата змены: 11.09.2024 14:47:52


«Альбе́рт I» («Аlbert I»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава ва Уздзенскім і Капыльскім раёнах Мінскай вобласці 7 лістапада 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі 14‑га нямецкага паліцэйскага палка СС, двух ахоўных батальёнаў, некалькіх танкавых рот, артылерыйскіх дывізіёнаў і спецыяльных падраздзяленняў пад камандаваннем вышэйшага начальніка СС і паліцыі ў Цэнтральнай Расіі і Беларусі обергрупенфюрара СС і генерала паліцыі Э. фон дэм Бах-Зялеўскага.

Карнікі выйшлі на далёкія подступы да Старыцкага лесу з боку г. Слуцк, в. Грэск, гарадскіх пасёлкаў Узда і Капыль 5 лістапада 1942 г. Матарызаваныя групы гітлераўцаў 7 лістапада занялі вёскі Заполле, Свідзічы, Русаковічы, закрыўшы партызанам шляхі адыходу ў заходнім напрамку. З усходу і поўдня ў напрамку в. Ленявічы наступалі галоўныя сілы праціўніка, якія імкнуліся рассячы сілы партызан, акружыць іх і знішчыць па частках. Галоўная роля адводзілася карнікамі танкавай роце з дэсантам аўтаматчыкаў на брані. Раніцай яна атакавала Старыцкі лес з поўдня. Партызаны-артылерысты падбілі галаўны танк, падпалілі другі, збілі з брані дэсант і расстралялі, адбілі 3 атакі гітлераўцаў. З Вялешынскага лесу па карніках з тылу ўдарыў атрад імя Р. І. Катоўскага. На ўсходнім узлеску гітлераўцы былі затрыманы партызанамі атрада імя В. І. Чапаева. Яны адбілі больш за 10 атак праціўніка, двойчы самі пераходзілі ў контратакі. Да зыходу дня ў партызан скончыліся боепрыпасы і па загадзе штаба брыгады яны адышлі ў Вялешынскі лес. Карная аперацыя правалілася (гл. таксама Старыцкі бой 1942 г.).

У час аперацыі загінуў начальнік партызанскага гарнізона і камандзір атрада імя В. І. Чапаева I. М. Тараховіч (Дунаеў).


Літаратура
  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  2. Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944) / Рэдкал.: У. М. Міхнюк (старшыня) [і інш.]. – Мінск: БелНДЦДААС, 1995.

  3. Геноцид белорусского народа. Карательные операции: в 2 ч. Ч. 1 / Редкол.: под общей редакцией А. И. Шведа. – Минск: Беларусь, 2023.