Дата стварэння: 17.08.2023 13:43:28
Дата змены: 11.09.2024 16:07:06
«Ге́нрых» (Heinrich»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскіх брыгад i мясцовага насельніцтва Расонска-Асвейскай партызанской зоны, Латвійскай партызанскай брыгады, 13 партызанскіх брыгад Калінінскай вобласці Расіі ў раёне, абмежаваным чыгункай i шашэйнымі дарогамі Себеж — Пустошка, Пустошка — Невель — Полацк, Полацк — Дрыса, Дрыса — Асвея — Себеж з 31 кастрычніка да 9 лістапада 1943 г. ў час Вялікай Айчыннай вайны. У дакументах акупантаў гэты раён называўся «партызанскай рэспублікай Расоны...», з якой «зыходзіць далёка ідучая небяспека для ўсix камунікацый забеспячэння паўночнай часці цэнтральнага ўчастка фронту. Акрамя таго, гэтая зона стварае плацдарм для далёка ідучых аперацый Чырвонай арміі ў тыле нямецкага фронту».
Праводзілася пад агульным кіраўніцтвам спецыяльнага ўпаўнаважанага рэйхсфюрара СС Г. Гімлера па барацьбе з партызанамі обергрупенфюрара СС генерала паліцыі Э. фон дэм Бах-Зялеўскага.
Гітлераўскае камандаванне імкнулася рассячы партызанскую зону на 2 часткі. Наступала дзвюма магутнымі групоўкамі з поўначы з раёнаў Себежа, Ідрыцы, Пустошкі (баявая група вышэйшага начальніка СС i паліцыі «Остланда» Ф.‑А. Екельна) i з поўдня ад чыгуначнай станцыі Дрэтунь на лініі Полацк — Невель да шашы Полацк — Себеж (баявая група начальніка СС і паліцыі генеральнай акругі «Беларусь», групенфюрара СС і генерал-лейтэнанта паліцыі К. фон Готберга), у склад якіх уваходзіла 5 паліцэйскіх палкоў СС, 7 ахоўных батальёнаў, у т. л. асобы батальён СС О. Дырлевангера, шматлікія танкавыя, артылерыйскія, сапёрныя i іншыя падраздзяленні, зондэр- i айнзацкаманды. Потым, разгарнуўшы асноўныя сілы фронтам на захад i ўсход, стварыць 2 «катлы», прыціснуўшы партызан на захадзе да загараджальнай лініі па Заходняй Дзвіне i граніцы з Латвіяй (група брыгадэфюрара СС В. Шрэдэра ў складзе двух паліцэйскіх батальёнаў, матарызаваных узводаў жандармерыі i да 1 тыс. пагранічнікаў) i на ўсходзе — да чыгункі Полацк — Невель, якая патрулявалася двума бронецягнікамі, авіяцыяй, знятымі з фронту часцямі 3‑й танкавай арміі.
Аперацыя «Генрых» пачалася з мacipaваных паветраных удараў па вёсках, больш за 20 з ix былі спалены фашыстамі. Падпольныя партыйныя органы, камандаванне партызанскіх брыгад прынялі меры па выратаванні мірных жыхароў. Да канца 5‑га дня жорсткіх i кровапралітных баёў гітлераўцам удалося рассячы зону, захапіць плацдарм на р. Дрыса каля в. Чаропаўка Расонскага раёна Віцебскай вобласці. ЦК КП(б)Б, ЦК КП(б) Латвіі, Калінінскі абкам ВКП(б) дапамагалі партызанам i насельніцтву, якія апынуліся ў блакадзе. На подступах да блакіраванай гітлераўцамі партызанскай зоны актыўныя баявыя дзеянні пачалі войскі 1‑га Прыбалтыйскага фронту. Плацдарм гітлераўцаў каля Чаропаўкі быў знішчаны ўдарамі савецкай авіяцыі. Часці савецкай 3‑й ударнай арміі, зламаўшы супраціўленне гітлераўцаў на паўднёвы захад ад Невеля, прарваліся да загараджальных ліній карнікаў на р. Дрыса, Ушча, Ужыца, 6 лістапада фарсіравалі ix i злучыліся з партызанамі 2‑й, 6‑й, 11‑й, 21‑й Калінінскіх брыгад i Расонскай брыгадай імя Сталіна, якія разам з Чырвонай арміяй грамілі праціўніка, што адступаў.
Партызаны Расонскай брыгады імя Сталіна 7 лістапада каля в. Слабада акружылі i поўнасцю знішчылі карны батальён 2‑га паліцэйскага палка. Прарыў часцей 3‑й ударнай арміі i злучэнне з iмi часткі партызанскіх брыгад вымусілі карнікаў на ўсходнім участку аперацыі «Генрых» перайсці да абароны па лініі станцыя Дрэтунь — паўднёвы бераг возера Нешчарда. Баявыя групы карнікаў былі перададзены ў распараджэнне 3‑й танкавай i 16‑й армій гітлераўцаў. Працягам карнай аперацыі «Генрых» стала карная аперацыя «Ота».