pdf

«ГРАМАВЫ ЎДАР»

Дата стварэння: 17.08.2023 13:44:01

Дата змены: 11.09.2024 16:01:20


«Грамавы́ ўда́р» («Donnerkeil»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх акупантаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў трохвугольніку чыгунак Віцебск — Полацк — Невель, на захад ад р. Обаль (Віцебскі, Гарадоцкі, Мехаўскі, Полацкі, Сіроцінскі раёны Віцебскай вобласці) у сакавіку — красавіку 1943 г. ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася ў 2 этапы («Грамавы ўдар I» — 21–27 сакавіка 1943; «Грамавы ўдар II» — 28 сакавіка — 2 красавіка 1943) сіламі 201‑й ахоўнай дывізіі, чатырох ахоўных батальёнаў, батальёна з палка «Брандэнбург», двух танкавых узводаў і прыдадзеных асноўным сілам артылерыйскіх і сапёрных падраздзяленняў. Кіраваў аперацыяй камандзір 201‑й ахоўнай дывізіі генерал-маёр А. Якабі. Асноўныя сілы партызан (партызанская брыгада імя С. М. Кароткіна, партызанская брыгада 3‑я Беларуская, партызанская брыгада 4‑я Беларуская, партызанская брыгада «За Савецкую Беларусь») з баямі выйшлі з-пад удараў карнікаў.

У ходзе аперацыі карнікі загубілі 542 чалавекі, пераважна цывільных жыхароў, вывезлі на катаржныя работы ў Германію 345 чалавек, захапілі дзясяткі тон прадуктаў, спалілі вёскі Вярэчча (знішчылі 30 чалавек), Фралова (12 чалавек) Гарадоцкага раёна, Шалкова Полацкага раёна, Дражакі, Заазер’е, Задобрыя, Зуева, Лапакова, Чытавухі, Шчамілаўка, Ямішча.


Літаратура
  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  2. Геноцид белорусского народа. Карательные операции: в 2 ч. / Редкол.: под общ. ред. А. И. Шведа. – Минск: Беларусь, 2023–2024.