ЗАХОДНЯЯ ЧЫГУНКА, назва ў 1936–1953 гг. сеткі чыгуначных ліній, якія звязвалі БССР з Маскоўскай, Смаленскай, Калінінскай і Бранскай абласцямі РСФСР
pdf

ЗАХОДНЯЯ ЧЫГУНКА

Дата стварэння: 17.08.2023 13:45:44

Дата змены: 11.09.2024 16:18:36


Захо́дняя чыгу́нка

Назва ў 1936–1953 гг. сеткі чыгуначных ліній, утворанай у маі 1936 г. пасля рэарганізацыі Маскоўска-Беларуска-Балтыйскай чыгункі.

Упраўленне Заходняй чыгункі знаходзілася ў г. Смаленск.

Абслугоўвала Віцебскую, Мінскую і Полацкую (з 1944) вобласці БССР, Маскоўскую, Смаленскую, Калінінскую і Бранскую вобласці РСФСР.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Беларусі не дзейнічала (часткова працягвала дзейнічаць у савецкім тыле). Нямецка-фашысцкія захопнікі разрабавалі і знішчылі маёмасць чыгункі, зруйнавалі станцыйныя і іншыя збудаванні.

Аднавіла працу ў поўным аб’ёме пасля вызвалення Беларусі.

Уключала чыгуначныя лініі: Масква — Негарэлае, Жукаўка — Смаленск — Віцебск — Бігосава, Орша — Невель, Орша — Лепель і інш. Агульная даўжыня ліній 2 556,5 км (1951).

Друкаваны орган — газета «Большевистский путь».

Начальнікі чыгункі: І. У. Кавалёў (1937–1939), В. П. Ягораў (студзень-снежань 1944).

У 1951 г. Мінскае аддзяленне Заходняй чыгункі аб’яднана з Брэст-Літоўскай чыгункай у Мінскую чыгунку.

У 1953 г. Заходняя чыгунка далучана да Калінінскай чыгункі, у 1957 г. Віцебскае і Аршанскае аддзяленні перададзены Беларускай чыгунцы.