Дата стварэння: 17.08.2023 13:46:14
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
«Зімо́вы лес» («Waldwinter»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскай брыгады 3‑й Беларускай, партызанскай брыгады 4‑й Беларускай, партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь» (Віцебская вобласць), партызанскай брыгады Сіроцінскай (гл. партызанская брыгада імя С. М. Кароткіна), партызанскай брыгады «Няўлоўныя», двух атрадаў партызанскай брыгады дыверсійнай імя У. І. Леніна, некалькіх спецгруп і цывільнага насельніцтва ў трохвугольніку чыгунак Віцебск — Невель — Полацк (Віцебскі, Гарадоцкі, Мехаўскі, Полацкі і Сіроцінскі раёны Віцебскай вобласці) 27 снежня 1942 г. — 25 студзеня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася сіламі 286‑й ахоўнай дывізіі вермахта у складзе 2‑га грэнадзёрскага матарызаванага палка, 2 ахоўных палкоў, 794‑га ахоўнага батальёна, 600‑га паліцэйскага батальёна, 8‑га артылерыйскага палка, танкавых падраздзяленняў, 690‑й роты палявой жандармерыі, зондэркаманд з гаспадарчай камендатуры Віцебска. З мэтаю стварэння шчыльнай лініі загароды ўздоўж чыгункі Віцебск — Невель да аперацыі былі прыцягнуты 381‑я вучэбна-палявая дывізія і «баявая група Шэвелеры». Аперацыя «Зімовы лес» з’яўлялася працягам аперацыі «Клетка малпы», яе мэтаю было ператварэнне аператыўнай прасторы за левым крылом групы армій «Цэнтр» у зону «выпаленай зямлі».
Бязлітасныя баі ішлі ўздоўж р. Обаль каля вёсак Лахначы, Равенец, Шыліна Сіроцінскага раёна (цяпер Шумілінскага), за вёскамі Катляны, Токарава Полацкага раёна, Заходы Гарадоцкага раёна і іншымі, дзе партызаны здолелі нанесці цяжкія страты варожым мотамеханізаваным, бранятанкавым і пяхотным падраздзяленням. Пасля крывавых баёў большасці партызанскіх фарміраванняў удалося прарвацца цераз чыгунку Полацк — Невель і вывесці за сабою ў Расонскі раён тысячы мясцовых жыхароў. У зоне аперацыі, адцягваючы на сябе значныя сілы карнікаў, да 27 студзеня вялі баі некалькі атрадаў 4‑й Беларускай брыгады, спецыяльныя дыверсійныя і разведвальныя групы.
У ходзе аперацыі нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі 1 627 мясцовых жыхароў, 2 041 чалавека вывезлі на катаржныя работы ў Германію, поўнасцю спалілі вёскі Аржавухава, Белае (Полацкі раён), Чарбамыслы з большасцю жыхароў, захапілі 7 468 галоў жывёлы, 894 кані, каля 1 тыс. штук птушкі, 446,8 т збожжа, 14,5 т бульбы, 75,9 т ільнасемя і лёнатрасты і інш.
У час аперацыі 286‑я ахоўная дывізія была знята з забеспячэння вермахта і забяспечвала сябе рабаваннем насельніцтва. Камандуючы аперацыяй генерал-маёр (з сакавіка 1943 — генерал-лейтэнант) І.‑Г. Рыхерт з пахвальбой паведамляў, што зэканоміў для вермахта «мяса 167 460, гародніны 139 880 порцый і 42 123 меркі фуражу».
На Мінскім судовым працэсе над нацысцкімі ваеннымі злачынцамі (студзень 1946) генерал І.‑Г. Рыхерт быў прыгавораны да смяротнага пакарання праз павешанне.