Дата стварэння: 17.08.2023 13:46:41
Дата змены: 27.02.2025 16:12:09
«Ка́рлсбад» («Karlsbad»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Аршанскім і Талачынскім раёнах Віцебскай вобласці, Круглянскім і Шклоўскім раёнах Магілёўскай вобласці 10–23 кастрычніка 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася сіламі 1‑й матарызаванай брыгады СС, падраздзяленняў 638‑га французскага пяхотнага і 14‑га паліцэйскага палкоў СС, двух ахоўных батальёнаў, асобага батальёна СС штурмбанфюрара СС О. Дырлевангера, рэзервовай часці вермахта і спецыяльных каманд СС пад кіраўніцтвам вышэйшага начальніка СС і паліцыі ў Цэнтральнай Расіі і Беларусі, обергрупенфюрара СС і генерала паліцыі Э. фон дэм Баха-Зялеўскага.
Група аб’яднаных партызанскіх атрадаў пад камандаваннем С. Г. Жуніна і адзін з атрадаў партызанскай брыгады «Чэкіст» 12 кастрычніка 1942 г. каля в. Гоенка Круглянскага pаёна ўступілі ў бязлітасную бітву з карнікамі, прарваліся праз загараджальныя ланцугі гітлераўцаў і выйшлі за шашу Магілёў — Мінск у зону клічаўскіх партызан. У гэтых баях загінула група камандзіраў брыгады «Чэкіст»: капітан I. М. Сувораў, малодшы палітрук М. I. Масюраў, лейтэнант Б. М. Клюшнікаў і іншыя, многія радавыя партызаны. Гітлераўцы страцілі забітымі і параненымі 89 чалавек. Карнікі не змаглі акружыць і знішчыць партызан і расправіліся з цывільным насельніцтвам у вёсках Падар, Ваўкаўшчына (Ваўкоўшчына), Задні Бор, Казёл, спалілі вёскі Гоенка і Паляжаеўка Круглянскага раёна, расстралялі 1 051 чалавека, пераважна жанчын, дзяцей і старых.