Дата стварэння: 17.08.2023 13:47:07
Дата змены: 27.02.2025 16:12:09
«Ко́тбус» («Cottbus»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскіх брыгад «Дзядзькі Колі», «Жалязняк», імя С. М. Кірава, Чашніцкай «Дубава», «Народныя мсціўцы», «ІІІтурмавая», асобных атрадаў «Смерць фашызму», «Гвардзеец», «За Радзіму» і іншых і цывільнага насельніцтва ў Бягомльскім, Плешчаніцкім, Халопеніцкім раёнах Мінскай вобласці і Лепельскім раёне Віцебскай вобласці 20 мая — 21 чэрвеня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася па ўказанні ўпаўнаважанага рэйхсфюрара СС Г. Гімлера па барацьбе з партызанамі на Усходзе, вышэйшага начальніка СС і паліцыі ў Цэнтральнай Расіі і Беларусі, обергрупенфюрара СС і генерала паліцыі Э. фон дэм Баха-Зялеўскага спецыяльнымі карнымі часцямі СС, жандармерыяй, ахоўнымі войскамі, паліцыяй пры падтрымцы рэгулярных войск з танкамі, артылерыяй, авіяцыяй (усяго больш за 80 тыс. карнікаў).
У раёне Домжарыцкіх і Паліцкіх балот гітлераўцы акружылі партызанскія брыгады «Жалязняк», «Дзядзькі Колі», імя С. М. Кірава. У ноч на 19 чэрвеня партызаны часткай сіл прарвалі акружэнне паміж вёскамі Крайцы і Пастрэжжа (цяпер не існуе) Лепельскага раёна і выйшлі з блакады.
У час аперацыі было спалена шмат вёсак, у т. л. Будзяніцкая Рудня (загублена 103 чалавекі), Жамойск (27 чалавек), Іканы і Гарэлы Луг (576 чалавек), Асовы (178 чалавек), Сасновая (96 чалавек) Бягомльскага pаёна, Кветча (60 чалавек), Крайцы (21 чалавек) Лепельскага раёна і іншыя, а таксама вёскі Ідаліна, Слабада, Трысцень, Тхарніца, Шунеўка. Карнікі забілі 300 чалавек у г. п. Бягомль, а ўсяго за час аперацыі загубілі каля 10 тыс. мясцовых жыхароў, вывезлі на катаржныя работы ў Германію 605 чалавек, захапілі 6,5 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, авечак, свіней, 1 618 шкур розных відаў, 38 ц ільнасемя і іншыя сельгаспрадукты.