pdf

«МАЙСКАЯ НАВАЛЬНІЦА»

Дата стварэння: 17.08.2023 13:48:30

Дата змены: 11.09.2024 16:01:20


«Ма́йская навальні́ца» («Maige-witter»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва ў Віцебскім, Гарадоцкім, Суражскім і Лёзненскім раёнах Віцебскай вобласці пераважна ў трохвугольніку паміж гарадамі Віцебск, Гарадок і г. п. Сураж 17–22 мая 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі 87‑й пяхотнай, 4‑й авіяпалявой дывізій, 8‑й танкавай брыгады, 9 ахоўных батальёнаў, батальёна СС «Мёртвая галава». Да карнай аперацыі была прыцягнута паліцыя з Лёзненскага і Панізоўскага (Смаленскай вобласці Расіі) раёнаў. Пры ўсіх часцях і буйных падраздзяленнях знаходзіліся рэквізіцыйныя каманды з групы гаспадарчай каманды 206 (Віцебск). Усяго ў аперацыі ўдзельнічала больш за 20 тыс. гітлераўцаў.

Карнікам процістаялі партызанскія брыгады 1‑я і 2‑я Беларускія, імя П. К. Панамарэнкі, дыверсійная Беларуская імя Леніна, 1‑я Віцебская, «Аляксея», імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола агульнай колькасцю 2,5 тыс. чалавек.

Праціўніку ўдалося выцесніць партызан з раёнаў іх дыслакацыі, пасля чаго карнікі прыступілі да рабавання і распраў з мірным насельніцтвам. Яны расстралялі больш за 2 400 чалавек, захапілі 350 кароў і коней, 150 ц збожжа.