Дата стварэння: 17.08.2023 13:49:16
Дата змены: 11.09.2024 16:01:20
«Маны́лы» («Маnуlу»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскай брыгады «Штурмавая» і мясцовага насельніцтва ў раёне в. Манылы і ў Маныльскім лесе (Лагойскі раён), а таксама ў Барысаўскім, Плешчаніцкім і Смалявіцкіх раёнах Мінскай вобласці 2–14 красавіка 1943 г. ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася сіламі 2‑га паліцэйскага палка з прыдадзенымі яму танкавай ротай, 2 мінамётнымі і сапёрным узводамі.
Ажыццяўлялася ў 3 этапы, кожны з якіх меў сваю кодавую назву: «Манылы» — 2–4 красавіка, «Вясна — Поўдзень» («Lenz — Süd») — 6–8 красавіка, і «Вясна — Поўнач» («Lenz — Nord») — 8–14 красавіка.
Карнікам не ўдалося акружыць і знішчыць брыгаду. Нанёсшы ворагу страты (каля 20 забітых і параненых), партызаны адышлі ў паўночным напрамку.
Гітлераўцы расстралялі 723 чалавекі, у т. л. у вёсках: Бабі Лес (48 чалавек), Замлынне (18 чалавек), Востраў (19 чалавек), Расошнае (43 чалавекі), Туры (34 чалавекі), Хаценава (177 чалавек), Яловіца (28 чалавек) Смалявіцкага раёна; Іканаўка (20 чалавек), Пархава (38 чалавек) Лагойскага раёна і інш.; 278 мужчын і 253 жанчыны «мабілізавалі» на катаржныя работы. Захапілі больш за 340 галоў жывёлы, 850 ц збожжа, 327 ц бульбы, 11 ц ільновалакна, разбурылі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагападарчай прадукцыі, у т. л. 11 млыноў, шмат якія вёскі спалілі.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Геноцид белорусского народа. Карательные операции: в 2 ч. / Редкол.: под общ. ред. А. И. Шведа. – Минск: Беларусь, 2023–2024.