НАДЗВЫЧАЙНАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ КАМІСІЯ ПА ВЫЯЎЛЕННІ І РАССЛЕДАВАННІ ЗЛАЧЫНСТВАЎ НЯМЕЦКА-ФАШЫСЦКІХ ЗАХОПНІКАЎ І ІХ САЎДЗЕЛЬНІКАЎ
pdf

НАДЗВЫЧАЙНАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ КАМІСІЯ ПА ВЫЯЎЛЕННІ І РАССЛЕДАВАННІ ЗЛАЧЫНСТВАЎ НЯМЕЦКА-ФАШЫСЦКІХ ЗАХОПНІКАЎ І ІХ САЎДЗЕЛЬНІКАЎ

Дата стварэння: 17.08.2023 13:50:06

Дата змены: 04.03.2025 14:56:57


Надзвыча́йная дзяржа́ўная камі́сія па выяўле́нні і рассле́даванні злачы́нстваў няме́цка-фашы́сцкіх захо́пнікаў і іх саўдзе́льнікаў (НДК), Надзвычайная дзяржаўная камісія па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і прычыненых імі страт грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР.

Створана паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 лістапада 1942 г. з ліку дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў навукі і культуры. Старшыня М. М. Швернік.

У рэспубліках, краях, абласцях, гарадах і раёнах ствараліся камісіі садзеяння НДК. Беларускую рэспубліканскую камісію, створаную ў пачатку 1944 г., узначальваў першы сакратар ЦК КП(б)‌Б, старшыня Савета Народных Камісараў БССР П. К. Панамарэнка.

У 1944–1945 гг. дзейнічалі Бабруйская, Баранавіцкая, Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Маладзечанская, Мінская, Палеская, Пінская і Полацкая абласныя камісіі садзеяння НДК, якія і правялі асноўную практычную работу па выяўленні і расследаванні злачынстваў нацыстаў і іх памагатых. У назвах абласных камісій і іх дакументах адлюстраваліся змены адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларускай ССР, якія адбыліся неўзабаве пасля вызвалення рэспублікі 20 верасня 1944 г. Паводле іх былі створаны вобласці, якіх не было ў час нямецка-фашысцкай акупацыі: Бабруйская, Гродзенская, Полацкая; была скасавана Беластоцкая вобласць, Вілейская перайменавана ў Маладзечанскую, змянілася абласная прыналежнасць многіх раёнаў.

Рэспубліканская і абласная камісіі збіралі дакументальныя даныя, у т. л. паказанні сведкаў, акты аб злачынствах і прычыненых стратах. Паводле іх падлікаў, нямецка-фашысцкія захопнікі і іх саўдзельнікі знішчылі на тэрыторыі Беларусі больш як 2,2 млн савецкіх грамадзян, разбурылі і спалілі 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9,2 тыс. вёсак, разбурылі і вывезлі ў Германію больш за 10 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, прычынілі матэрыяльныя страты на суму 75 млрд руб. (у цэнах 1941).

Акты, паведамленні і іншыя матэрыялы НДК шырока выкарыстоўваліся на судовых працэсах над нацысцкімі ваеннымі злачынцамі: Нюрнбергскім працэсе, на працэсах у Мінску, Гомелі, Бабруйску і інш. — і былі прызнаны бясспрэчнымі доказамі па справах нямецкіх ваенных злачынцаў.

НДК фактычна спыніла актыўную дзейнасць да канца 1947 г., афіцыйна была распушчана ў чэрвені 1951 г.

Звесткі, сабраныя НДК на тэрыторыі Беларусі, былі істотна перагледжаны і дапоўнены ў час расследавання генацыду беларускага народа, распачатага Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у красавіку 2021 г.