Дата стварэння: 17.08.2023 13:52:44
Дата змены: 11.09.2024 14:55:54
Партыза́нская брыга́да
Асноўная форма злучэння партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі, акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Аб’яднанне партызанскіх атрадаў у брыгады выклікана разгортваннем усенароднага партызанскага руху. Яно дало магчымасць шырока весці наступальныя дзеянні, асабліва на камунікацыях праціўніка, павысіць баявую актыўнасць атрадаў, іх ініцыятыву, узаемадапамогу, эфектыўна выкарыстоўваць радыёсувязь, наладжваць забеспячэнне партызан з савецкага тылу зброяй, боепрыпасамі.
На Беларусі першае падобнае да брыгады злучэнне партызанскіх атрадаў — «гарнізон Ф. I. Паўлоўскага» — створана ў студзені 1942 г. у Акцябрскім раёне. У красавіку 1942 г. створаны брыгады 1‑я Беларуская і «Аляксея» на базе атрадаў, якія дзейнічалі ў Суражскім раёне і сумежных з ім раёнах Віцебскай вобласці. Усяго на тэрыторыі Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну дзейнічала 199 партызанскіх брыгад і 14 палкоў, якія пасля злучэння з Чырвонай арміяй вызначаны Беларускім штабам партызанскага руху (БШПР) як брыгады.
Брыгады былі атраднага (часам батальённага) складу, уключалі пераважна 3–7 атрадаў, мелі ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч байцоў.
Структурную асаблівасць мелі брыгады, створаныя ў лістападзе 1942 — сакавіку 1943 г. Клічаўскім аператыўным цэнтрам, у якіх адзін з атрадаў быў галаўным, а яго камандаванне і штаб адначасова былі камандаваннем і штабам брыгады.
Кіраўніцтва брыгады звычайна складалася з камандзіра, камісара, начальніка штаба, намесніка камандзіра па разведцы, дыверсіях, намесніка камандзіра па забеспячэнні, начальніка медыцынскай службы, намесніка камісара па камсамоле. У большасці брыгад былі штабныя роты, ці ўзводы сувязі, аховы, радыёстанцыя, падпольныя друкарні, у многіх — свае шпіталі, майстэрні па рамонце зброі і маёмасці, узводы баявога забеспячэння, пасадачныя пляцоўкі для самалётаў. Брыгады мелі зоны баявой дзейнасці, асноўныя і запасныя базы, стваралі вузлы супраціўлення, заставы, сістэму апорных і назіральных пунктаў, разгалінаваную сетку сувязных, схаваныя рэзервы, атрады і групы мясцовай самаабароны, сямейныя атрады і лагеры, наладжвалі прамысловую вытворчасць, якая задавальняла патрэбы партызан і насельніцтва.
Баявую і палітычную дзейнасць партызанскіх брыгад на акупіраванай тэрыторыі Беларусі накіроўвалі ЦК КП(б)Б, Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) і Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР), падпольныя абкамы, райкамы і міжрайкамы партыі.
Брыгадная форма арганізацыі партызанскіх сіл паспяхова вытрымала выпрабаванне ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.