ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ, Гомельскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ

Дата стварэння: 17.08.2023 13:55:30

Дата змены: 11.09.2024 14:59:46

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ, Гомельскай вобласці

Помнік у гонар партызанскага атрада «Смерць фашызму», на базе якога была створана партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі, каля вёскі Антонаўка Кароткавіцкага сельсавета Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да імя́ П. К. Панамарэ́нкі

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Брагінскага, Жлобінскага, Рэчыцкага, Стрэшынскага, Парыцкага і Васілевіцкага раёнаў Гомельскай вобласці.

Створана ў верасні 1943 г. на базе асобнага атрада «Смерць фашызму» (арганізаваны ў кастрычніку 1942), у працэсе фарміравання былі арганізаваны атрады імя Г. К. Жукава і імя М. І. Калініна.

Партызаны атрада «Смерць фашызму» ў снежні 1942 г., студзені — красавіку, чэрвені, кастрычніку 1943 г. удзельнічалі ў баях супраць карнікаў, у разгроме варожых апорных пунктаў у вёсках Мормаль, Таўстыкі, г. п. Стрэшын Стрэшынскага раёна, в. Радуша Жлобінскага раёна, у баях каля в. Лубенікі, пас. Майскі Брагінскага раёна, вёсак Пружынішчы Парыцкага раёна, Новыя Маркавічы Стрэшынскага раёна. У жніўні 1943 г. падарвалі каля 200 рэек.

У кастрычніку 1943 г. партызаны брыгады нападалі на варожыя апорныя пункты, вялі баі з карнікамі, у лістападзе 1943 г. пры набліжэнні часцей Чырвонай арміі разам з партызанскай брыгадай «Жалязняк» Гомельскай вобласці і партызанскім атрадам 108‑м імя Р. І. Катоўскага перарэзалі дарогу Горваль — Шацілкi, вялі засадныя баі, у в. Горваль захапілі больш за 100 варожых аўтамашын (гл. Горвальская аперацыя 1943 г.).

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 21 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады «Смерць фашызму», імя Г. К. Жукава, імя М. І. Калініна, у якіх налічвалася 938 партызан.

Камандзір брыгады І. І. Бандарэнка, камісар Я. Р. Садавой (Садавы), начальнік штаба К. В. Ніжнікаў.

У гонар атрада «Смерць фашызму» партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі каля в. Антонаўка Кароткавіцкага сельсавета Жлобінскага pаёна Гомельскай вобласці ў 1975 г. пастаўлены абеліск.