Дата стварэння: 17.08.2023 13:58:59
Дата змены: 11.09.2024 16:01:20
«Піво́ня» («Pfingstrose»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцких захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва ў Пухавіцкім, Рудзенскім, Старадарожскім раёнах Мінскай вобласці і ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці 2–13 чэрвеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася сіламі 9‑й арміі групы армій «Цэнтр» з мэтаю акружэння партызан і лагераў, дзе ратаваліся жанчыны, дзеці і старыя ў раёне вёсак Кляцішын (Кляцішына), Любячка, Омельна (Вомельна, Пухавіцкі раён), захопу рабочай сілы, жывёлы і маёмасці.
Разведвальна-баявыя дзеянні карнікі пачалі яшчэ ў сярэдзіне мая 1944 г. па меры канцэнтрацыі сіл у гарнізонах Шацка (Рудзенскі раён, цяпер Пухавіцкі), Пухавіч, Старых Дарог, Дражна (Старадарожскі раён), Шышчыц (Грэскі раён, цяпер Слуцкі). Агульнае наступленне пачалося 2 чэрвеня з Шацка ў напрамку в. Вяркалы, Пруцк, Кабылічы (Пухавіцкі раён), з Пухавіч у в. Скрыль, Ліпск, Гарэлец, з в. Сінча ў в. Любячка (Пухавіцкі раён).
Па шляху прасоўвання карнікаў сілы партызанскай брыгады 2‑й Мінскай, асабліва атрады імя В. М. Молатава і імя М. І. Кутузава, засаднымі баямі на загадзя падрыхтаваных рубяжах стрымлівалі намнога большыя сілы праціўніка, забяспечваючы эвакуацыю насельніцтва і жывёлы. Праз 8 дзён пасля напружаных баёў рэгулярным часцям вермахта ўдалося блакіраваць партызан і мясцовых жыхароў (каля 3 тыс. чалавек) па лініі вёсак Зялёная Дуброва (Старадарожскі раён) — Дрычын (Старадарожскі раён, цяпер Асіповіцкі) — р. Пціч — вёсак Востраў — Сінча (Пухавіцкі раён) — Шышчыцы. Пяхотныя часці карнікаў падтрымлівала разведвальная і бамбардзіровачная авіяцыя. Партызаны адыходзілі ў напрамку в. Суцін (Пухавіцкі раён) — в. Крамок (Старадарожскі раён, цяпер Асіповіцкі) і ў ноч на 9 чэрвеня навялі несапраўдную пераправу цераз р. Пціч у раёне вёсак Юравічы і Майсеевічы (Старадарожскі раён, цяпер Асіповіцкі), адцягнулі ўвагу карнікаў і фарсіравалі раку ў раёне в. Града (Асіповіцкі раён, цяпер Пухавіцкі), дзе схавалі насельніцтва на невялікім лясным астраўку. Заняўшы кругавую абарону вакол лагера з цывільным насельніцтвам, партызаны на працягу сутак адбівалі націск гітлераўцаў, у ноч на 11 чэрвеня прарвалі загараджальныя ланцугі праціўніка на дарозе Лавы (Старадарожскі раён) — Церабуты (Старадарожскі раён, цяпер Асіповіцкі) і выйшлі з блакады ў Грэскія лясы.
Карнікі ў ходзе аперацыі расстралялі 499 савецкіх грамадзян, захапілі для вывазу ў Германію 2 344 чалавекі, спалілі вёскі Зялёная Дуброва (Старадарожскі раён), Востраў (Пухавіцкі раён), Рэпішча (Асіповіцкі раён, цяпер Пухавіцкі), Омельна (Вомельна), Любячка, Кляцішын (Кляцішына) Пухавіцкага pаёна і іншыя, забралі 997 галоў буйной рагатай жывёлы, 772 кані і інш. Па даных камандавання 2‑й Мінскай партызанскай брыгады, гітлераўцы страцілі 65 чалавек забітымі і параненымі.