pdf

«ПРАКЛЁН ФАШЫЗМУ»

Дата стварэння: 17.08.2023 13:59:34

Дата змены: 27.02.2025 16:11:58


location Google location Yandex

«Праклён фашызму», мемарыяльны комплекс

ПРАКЛЁН ФАШЫЗМУ, мемарыяльны комплекс

Мемарыяльны комплекс «Праклён фашызму» ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці.

ПРАКЛЁН ФАШЫЗМУ, мемарыяльны комплекс

Калодзеж, у які гітлераўскія каты жывымі кідалі дзяцей вёскі Шунеўка ў час яе знішчэння. Фрагмент мемарыяльнага комплексу «Праклён фашызму» ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці.

ПРАКЛЁН ФАШЫЗМУ, мемарыяльны комплекс

Мемарыяльная пліта з назвамі вёсак Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мемарыяльны комплекс «Праклён фашызму» на месцы вёскі Шунеўка, знішчанай разам з насельніцтвам гітлераўцамі.

«Праклён фашы́зму»

Мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў в. Шу́неўка, спаленай разам з жыхарамі 22 мая 1943 г. і не адноўленай у пасляваенны час, і іншых вёсак на тэрыторыі сучаснага Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, знішчаных разам з насельніцтвам нямецка-фашысцкімі акупантамі у 1941–1944 гг. у час Вялікай Айчыннай вайны. Адкрыты на месцы в. Шу́неўка 3 ліпеня 1983 г. (скульптар А. Анікейчык, архітэктары Ю. Градаў, Л. Левін), знаходзіцца побач з аўтадарогай Бягомль — Глыбокае — Шаркаўшчына. Абноўлены ў 2011 г.

Цэнтральны манумент мемарыяла — бронзавая фігура жанчыны (вышыня 4,75 м), якая стаіць, падняўшы ў праклёне рукі, у пройме стылізаванай брамы (вышыня 11,5 м). Да абламанага канца гарызантальнай папярэчыны брамы прымацаваны 3 званы, 2 з іх выдаюць звон, 3‑і расколаты — сімвал таго, што кожны трэці жыхар раёна загінуў у гады вайны. На папярэчыне вершаваныя радкі нібы ад імя гэтай жынчыны: «Як маці, заклінаю і малю, наступных пакаленняў дзеці, сейце бяссмерця зерне ў вечную раллю. Праклён вайне, што сее смерць на свеце!»

Непадалёку ад цэнтральнага манумента — бетонны калодзежны зруб, у які гітлераўцы кінулі жывымі дзяцей і настаўніцу. На ім бронзавы паветраны змей, прабіты і абпалены, на якім — імёны загінуўшых дзяцей, як сімвал абарванага вайной дзяцінства. На месцы былых сялянскіх сядзіб 22 мемарыяльныя знакі — стылізаваныя фундаменты, над кожным з якіх ганак з трыма ступенямі, на верхніх прыступках — бронзавыя кампазіцыі ў форме языкоў полымя з імёнамі былых гаспадароў — сімвал вечнай памяці аб памерлых.

На вертыкальнай мемарыяльнай пліце — прозвішчы ўсіх загубленых гітлераўцамі жыхароў Шу́неўкі і радкі з верша Р. Раждзественскага «Рэквіем».

На другой вертыкальнай мемарыяльнай пліце размешчаны два тэксты. Першы абвяшчае: «Яны любілі жыццё, але згарэлі ў полымі вайны ад рук фашысцкіх катаў. Людзі, будзьце пільныя, беражыце мір!» Другі змяшчае інфармацыю пра колькасць забітых і спіс 97 вёсак, спаленых нямецка-фашысцкімі акупантамі і іх памагатымі на тэрыторыі Докшыцкага раёна (у сучасных межах), уключаючы 3 неадноўленыя вёскі (Шу́неўку, Азарцы і Залатухі) і 94 адноўленыя.

У склад мемарыяльнага комплексу ўваходзяць таксама вертыкальныя пліты з інфармацыяй аб знішчэнні Шу́неўкі гітлераўскімі карнікамі і надпісамі: «У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Докшыцкім раёне загінуў кожны трэці жыхар» і «Ніхто не забыты, нішто не забыта».

Кожныя 10 хвілін на месцы былой вёсцы б’е стылізаваны звон, устаноўлены на спецыяльным пілоне.

Штогод на мемарыяле праводзяцца жалобныя мерапрыемствы, якія аднаўляюць для сучаснікаў трагічныя падзеі мінулага.