pdf

«ПРЫПЯЦКІЯ БАЛОТЫ»

Дата стварэння: 17.08.2023 13:59:52

Дата змены: 11.09.2024 16:07:06

«Пры́пяцкія бало́ты» («Pripiatsee»)

Кодавая назва карнай і часткова вайсковай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць падраздзяленняў Чырвонай арміі, што трапілі ў акружэнне або трымалі абарону на Палессі, партызан і мясцовага насельніцтва на тэрыторыі Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Мінскай абласцей 19 ліпеня — 31 жніўня 1941 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі 162‑й і 252‑й пяхотных дывізій і 1‑й кавалерыйскай брыгады СС на чале з начальнікам СС і паліцыі тылу групы армій «Цэнтр» Э. фон дэм Бах-Зялеўскім у адпаведнасці з распараджэннем рэйхсфюрара СС Г. Гімлера.

«Асобы загад» Гімлера ад 28 ліпеня 1941 г. патрабаваў ад карнікаў знішчыць у раёне Прыпяцкіх балот вёскі, дзе будзе супраціўленне, расстрэльваць усіх западозраных у падтрымцы партызан, вывезці жанчын і дзяцей, канфіскаваць жывёлу і прадукты.

Карнікі жорстка расправіліся з савецкімі людзьмі. Адзін толькі 2‑і кавалерыйскі полк расстраляў 6 526 чалавек. Паводле звестак камандавання кавалерыйскай брыгады СС, на 13 жніўня 1941 г. у выніку аперацыі загублена 13 788 савецкіх грамадзян. Карнікі спалілі шмат населеных пунктаў, у т. л. вёскі Хатынічы (загубілі 73 чалавекі) Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці (цяпер Брэсцкай), Азяраны (30 чалавек), Запясочча (300 чалавек), Пагост (69 чалавек), Рыдча (26 чалавек), Старажоўцы (30 чалавек), Чэрнічы (40 чалавек) Тураўскага раёна (цяпер тэрыторыя Жыткавіцкага раёна), Асташкавічы (120 чалавек), Славань (72 чалавекі) Парыцкага (цяпер Светлагорскага) раёна Палескай (цяпер Гомельскай) вобласці, Вялікая Гаць (123 чалавекі), Святая Воля (436 чалавек) Косаўскага раёна (цяпер Івацэвіцкага), Радзецк (13 чалавек), Чадзель (38 чалавек) Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці і інш.

Усім паслам і пасланнікам дзяржаў, з якімі СССР падтрымліваў дыпламатычныя адносіны, 27 красавіка 1942 г. была накіравана нота народнага камісара замежных спраў СССР, у якой гаварылася, што ў студзені 1942 г. у баях пад г. Таропец Калінінскай (цяпер Цвярской) вобласці часці Чырвонай арміі разграмілі кавалерыйскую брыгаду СС. Сярод захопленых дакументаў аказаліся справаздачы камандзіраў палкоў гэтай брыгады «Аб правядзенні ўціхамірвальнай прыпяцкай аперацыі...». «Мы выгналі жанчын і дзяцей у балоты, — паведамляў камандзір 2‑га палка СС, — але гэта не дало належнага эфекту, таму што балоты не былі настолькі глыбокія, каб можна было ў іх патануць». Сярод дакументаў таксама была выяўлена тэлеграма камандзіра брыгады СС, у якой паведамлялася, што Г. Гімлер палічыў «надта нязначнай» колькасць загубленых жыхароў, патрабаваў «дзейнічаць радыкальна» і штодзённа паведамляць яму пра колькасць расстраляных».