Дата стварэння: 17.08.2023 14:00:04
Дата змены: 27.02.2025 16:12:35
Рагачо́ўска-Жло́бінская апера́цыя 1941 г. (контрудар на рагачоўска-жлобінскім напрамку)
Праведзена ў час Вялікай Айчыннай вайны 63‑м стралковым корпусам (камкор Л. Р. Пятроўскі) 21‑й арміі Заходняга (з 24.7.1941 — Цэнтральнага) фронту 13 ліпеня — 17 жніўня; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941 г.
Корпус [117‑я (з 10 ліпеня перададзена ў склад 67‑га стралковага корпуса), 154‑я, 167‑я, 61‑я стралковыя дывізіі, 387‑ы, 503‑і і 318‑ы гаўбічныя артылерыйскія палкі] займаў абарону на ўсходнім беразе р. Дняпро на рубяжы Збароў — Гадзілавічы — Рагачоў — Жлобін — Стрэшын працягласцю 70 км. На поўнач ад 63‑га стралковага корпуса знаходзіліся злучэнні і часці 67‑га стралковага корпуса, на поўдзень — 66‑ы стралковы корпус. Часці 117‑й дывізіі 6 ліпеня правялі разведку боем, у час якой авалодалі г. Жлобін і прасунуліся на паўночны захад уздоўж Бабруйскай шашы; пад націскам праціўніка, які тэрмінова падцягнуў на гэты напрамак матарызаваную і пяхотную дывізіі, адышлі на зыходныя рубяжы, нанеслі ворагу ў жорсткіх баях значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы і сарвалі разлікі камандавання нямецкай групы армій «Цэнтр» з ходу фарсіраваць Дняпро на дадзеным участку фронту. Камандуючы Заходнім фронтам Маршал Савецкага Саюза С. К. Цімашэнка 12 ліпеня загадаў 21‑й арміі сіламі 63‑га і 66‑га (генерал-маёр Ф. П. Судакоў, з 30 ліпеня — генерал-маёр Ф. Д. Рубцоў) стралковых карпусоў нанесці контрудары на бабруйскім напрамку, 67‑му стралковаму корпусу (камбрыг П. Ф. Жмачэнка, з сярэдзіны ліпеня — К. М. Галіцкі) — наступаць ад в. Збароў уздоўж Дняпра на поўнач з мэтай знішчыць групоўку ворага, якая прарвалася ў раёне г. Быхаў. Войскі 21‑й арміі перайшлі ў контрнаступленне 13 ліпеня; 63‑і корпус фарсіраваў Дняпро, вызваліў гарады Жлобін і Рагачоў і развіў наступленне на г. Бабруйск. Да канца ліпеня корпус уклініўся ў размяшчэнне ворага на 30 км. Праціўнік кінуў супраць яго 8 дывізій. Нямецкія войскі 14 жніўня прарвалі абарону і зайшлі ў тыл корпуса. Па загадзе ваеннага савета фронту з 17 жніўня часці корпуса з баямі выходзілі з акружэння ў напрамку г. Гомель.
У аперацыі разам з рэгулярнымі войскамі ўдзельнічалі байцы Жлобінскага (камандзір У. А. Міронаў) і Рагачоўскага (М. І. Калінковіч) знішчальных батальёнаў. Створаныя ў Жлобіне і Жлобінскім раёне групы народнага апалчэння вялі разведку ў тыле ворага, удзельнічалі ў баях. У выніку Pагачоўска-Жлобінскай аперацыі ворагу нанесены значныя страты, затрымана яго прасоўванне на ўсход.
Падчас аперацыі ў баі каля в. Скепня Жлобінскага раёна загінуў камандзір 63‑га стралковага корпуса Л. Р. Пятроўскі. Пахаваны ў в. Старая Рудня Жлобінскага раёна.