Дата стварэння: 17.08.2023 14:00:32
Дата змены: 11.09.2024 14:53:38
«Рык» («Brüll»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва на мяжы Брэсцкай вобласці Беларусі і Валынскай вобласці Украіны (Маларыцкі і Ратнаўскі раёны) 21–25 мая 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Баявыя дзеянні паміж часткай сіл партызанскай брыгады «За Радзіму» імя А. К. Флегантава і часцямі 2‑га венгерскага каралеўскага рэзервовага корпуса, 33‑м пяхотным палком, 66‑м танкавым узводам і іншымі падраздзяленнямі вермахта адбываліся ў прыфрантавой паласе на паўночны ўсход ад г. п. Шацк (Ратнаўскі раён) і вакол возера Арэхаўскае (Маларыцкі раён).
У раёне аперацыі гітлераўцы загубілі больш за 350 партызан і цывільных грамадзян, захапілі больш за 1 600 чалавек для выкарыстання на абарончых работах у прыфрантавой паласе і адпраўкі на катаргу ў Германію, вывезлі каля 3 300 галоў буйной рагатай жывёлы, 780 коней. Праціўнік страціў 45 чалавек забітымі і 119 параненымі.