Дата стварэння: 17.08.2023 14:00:49
Дата змены: 11.09.2024 15:01:30
«Рысь» № 33 («Luchs»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскай брыгады «Граза», партызанскай брыгады М. П. Гудкова, некалькіх атрадаў брыгады К. С. Заслонава (гл. Партызанская брыгада 1‑я імя К. С. Заслонава), партызанскай брыгады Багушэўскай (1-га складу), партызанскіх атрадаў «Сібірак», імя В. І. Чапаева (гл. у артыкуле Партызанская брыгада «За Савецкую Беларусь») і мясцовага насельніцтва ў Бешанковіцкім раёне і на паўночным захадзе Сенненскага раёна Віцебскай вобласці 7–17 верасня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася чатырма баявымі групамі, у склад якіх уваходзілі 2 пяхотныя і 2 ахоўныя батальёны, артылерыйскія батарэі, 7 рот з ахоўных і паліцэйскіх батальёнаў, 4 эскадроны, узвод бронеаўтамабіляў. Камандаваў аперацыяй камандзір 201‑й ахоўнай дывізіі генерал-лейтэнант А. Якабі.
Карнікі наступалі па пяці збежных напрамках з г. Сянно, г. п. Чашнікі, в. Бачэйкава Бешанковіцкага раёна, г. п. Бешанковічы і в. Астроўна Бешанковіцкага раёна.
З-за адсутнасці боепрыпасаў партызаны не ўступалі ў адкрытыя баі, а манеўравалі ў лясных масівах вакол Сянно. Атрады «Сібірак» і імя В. І. Чапаева, якія дыслацыраваліся ў Чанаўскай дачы, фарсіравалі р. Заходняя Дзвіна і выйшлі ў Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці.
Не дасягнуўшы пастаўленай мэты, карнікі загубілі 400 мясцовых жыхароў, 300 чалавек вывезлі на катаргу ў Германію. Яны захапілі 1 415 галоў жывёлы, спалілі некалькі вёсак, у т. л. Барок (загубілі 9 чалавек), Зямковічы (29 чалавек), Луг (16 чалавек), Утрылава (12 чалавек), Шынкава (14 чалавек) Сенненскага pаёна і інш.