Дата стварэння: 17.08.2023 14:01:40
Дата змены: 27.12.2024 11:41:09
Свя́та Перамо́гі,Дзень Перамогі
Усенароднае свята ў СССР. Адзначалася штогод 9 мая (ў 1945–1947, з 1965 — непрацоўны дзень). Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1945 г. у азнаменаванне перамогі савецкага многанацыянальнага народа і яго Узброеных Сіл над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг. Паводле загаду Вярхоўнага галоўнакамандуючага 9 мая 1945 г. у Маскве быў дадзены салют 30 артылерыйскімі залпамі з тысячы гармат (гл. Салюты пераможныя).
З таго часу традыцыйна 9 мая аб’яўляўся віншавальны загад міністра абароны СССР, прысвечаны Святу Перамогі, паводле якога ў сталіцы СССР — горадзе-героі Маскве, сталіцах саюзных рэспублік, гарадах-героях і мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», а таксама ў шэрагу іншых спецыяльна ўказаных гарадоў праводзіўся артылерыйскі салют (святочны феерверк). У гэты дзень у СССР адбываліся ўрачыстыя сходы працоўных, сустрэчы з ветэранамі вайны. Да помнікаў баявой славы, мемарыялаў, брацкіх магіл, абеліскаў загінулым у баях героям ускладаліся вянкі і кветкі, выстаўляліся ганаровыя варты. З 1965 г. Усесаюзнае радыё і Цэнтральнае тэлебачанне праводзілі ў Свята Перамогі спецыяльную ўрачыстую жалобную перадачу «Miнута маўчання».
У Рэспубліцы Беларусь Свята Перамогі з 1992 г. аб’яўлена дзяржаўным святам, а дзень 9 мая — нерабочым днём. Святкаванне (у т. л. артылерыйскі салют) адбываецца ў асноўным паводле савецкіх традыцый, праводзіцца акцыя «Беларусь памятае».