СМЕРТЬ ФАШИЗМУ, газета, у Вялікую Айчынную вайну орган Браслаўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б Вілейскай вобласці
pdf

«СМЕРТЬ ФАШИЗМУ»

Дата стварэння: 17.08.2023 14:02:10

Дата змены: 11.09.2024 14:31:28

«Сме́рть фаши́зму»

Газета, заснавана ў кастрычніку 1939 г. пад назвай «Звязда». Друкавалася як орган Часовага ўпраўлення г. Браслаў, Часовага ўпраўлення Браслаўскага павета, Браслаўскага павятовага камітэта КП(б)‌Б і павятовага выканаўчага камітэта. З лютага 1940 г. орган Браслаўскага райкама КП(б)‌Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Вілейскай вобласці. Выходзіла да 20 чэрвеня 1941 г.

У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Браслаўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б. Вядома 7 нумароў (№ 68 за 1943; № 11–16 за 1944) за жнівень 1943 — чэрвень 1944 г. на рускай мове. Пад назвай «Чырвоны сцяг» выйшаў № 68 газеты за жнівень 1943 г.

Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад першапачатковай назвай («Звязда») да 21 красавіка 1962 г. Пасля перапынку ў выданні была адноўлена 2 сакавіка 1963 г. пад назвай «Браслаўская звязда». З 1965 г. друкавалася як орган Браслаўскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977) Віцебскай вобласці.

Раённая газета, выходзіць пад назвай «Браслаўская звязда» 2 разы на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт і Браслаўскі раённы Савет дэпутатаў.