Дата стварэння: 17.08.2023 14:02:25
Дата змены: 11.09.2024 15:48:26
«Сове́тский патрио́т»
Газета, заснавана ў 1930 г. пад назвай «Калгасны змагар», орган Бягомльскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Мінскай вобласці.
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Бягомльскага падпольнага райкама КП(б)Б і партызанскай брыгады «Жалязняк». Штотыднёвая. Для стварэння партызанскай друкарскай базы выкарыстоўвалася абсталяванне з друкарні даваеннай раённай газеты, якое было схавана напярэдадні акупацыі. Вядома 49 нумароў газеты за перыяд з 23 лютага 1943 г. да 17 мая 1944 г. на рускай мове (асобныя нумары на беларускай і рускай мовах). Шэраг нумароў уяўляюць сабой літаратурныя выпускі, а таксама выпускі для паліцэйскіх часцей. Рэдактары: А. М. Касцяневіч (Касцяновіч), М. А. Загароўскі.
Пасля вызвалення выдавалася пад назвай «Савецкі патрыёт» як орган Бягомльскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных. Выданне спынена на № 5 за 17 студзеня 1960 г. у сувязі са скасаваннем Бягомльскага раёна.