pdf

«СТРАКАТЫ ДЗЯЦЕЛ»

Дата стварэння: 17.08.2023 14:03:17

Дата змены: 27.02.2025 16:11:58

«Страка́ты дзя́цел» («Buntspecht»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая праводзілася за 3 км на паўднёвы захад ад в. Ра́дзіца Крупскага раёна Мінскай вобласці 24–25 мая 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

У аперацыі ўдзельнічалі падраздзяленні вермахта, знішчальная каманда камендатуры і паліцыі пад кіраўніцтвам зондэркаманды 7 «Б» з г. Барысаў. Да «ачысткі» ад партызан лясных масіваў у раёне в. Радзіца былі прыцягнуты таксама падраздзяленні германскіх ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны, 825‑ы батальён т. зв. апалчэння і інш.

Гітлераўцы забіралі жывёлу, рабавалі насельніцтва. Жыхароў в. Баравыя Крупскага раёна з дапамогай зброі прымушалі рухацца наперадзе карнікаў і размініраваць сваімі целамі дарогу; больш за 60 жыхароў в. Радзіца вывезлі на катаргу ў Германію.