Дата стварэння: 17.08.2023 14:04:52
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
«Фры́да» («Frida»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскай брыгады «Разгром», партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь», партызанскай брыгады імя М. А. Шчорса і мясцовага насельніцтва ў Барысаўскім, Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці, Бярэзінскім раёне Магілёўскай вобласці ў лістападзе 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны; састаўная частка агульнага плана гітлераўскага камандавання па ліквідацыі партызанскага руху на тэрыторыі генеральнай акругі «Беларусь» улетку і ўвосень 1942 г.
Праводзілася сіламі 8‑га і 10‑га палкоў 1‑й матарызаванай брыгады СС, асобага батальёна СС О. Дырлевангера, спецыяльных каманд паліцыі бяспекі і СД, жандармерыі пры падтрымцы танкаў і артылерыі.
Карнікі, што наступалі з г. Барысаў, г. п. Смалявічы, г. Чэрвень і г. п. Беразіно, імкнуліся акружыць партызан у лясіста-балоцістай мясцовасці ў раёне азёр Чырвонае, Рыбачнае, Пясочнае на стыку межаў Барысаўскага, Чэрвеньскага і Смалявіцкага раёнаў і знішчыць іх.
Пасля цяжкага бою каля в. Слабада Чэрвеньскага раёна партызанскія брыгады пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага міжрайкама КП(б)Б зрабілі баявы манеўр і выйшлі з акружэння.
У час карнай аперацыі гітлераўцы загубілі 136 мясцовых жыхароў, захапілі 1 280 т збожжа, 630 галоў жывёлы, разрабавалі вёскі Бортнікі, Забалоцце, Замосце, Кляннік, Старынка, Стрыева, Туры (Смалявіцкі раён), Дубнікі (Чэрвеньскі раён), Пасека (Барысаўскі раён) і інш.; 1,6 тыс. жыхароў гэтых вёсак адправілі на прымусовыя работы ў спецыяльны лагер у г. п. Смалявічы.