pdf

«ФРЫЦ»

Дата стварэння: 17.08.2023 14:05:12

Дата змены: 11.09.2024 16:03:56

«Фрыц» («Fritz»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскіх брыгад «Спартак», «За Радзіму», Ф. С. Шляхтунова (пазней імя Л. М. Даватара), імя К. Я. Варашылава, імя М. Ф. Гастэлы, імя Г. К. Жукава, імя К. К. Ракасоўскага, асобных атрадаў партызанскіх брыгад «Жалязняк», «Народныя мсціўцы», імя С. М. Кароткіна, спецыяльнага партызанскага атрада «Сокал» і мясцовага насельніцтва ў Браслаўскім, Відзаўскім, Глыбоцкім, Дунілавіцкім, Крывіцкім, Мёрскім, Мядзельскім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім раёнах Вілейскай вобласці ў верасні — кастрычніку 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі ўсходняй баявой групы брыгадэфюрара СС Г. Гарма, паўднёвай групы обергрупенфюрара СС Мюлера, заходняй групы начальніка пагранічнай аховы т. зв. генеральнай акругі «Літва» Гахтэля, паўночнай групы брыгадэфюрара СС В. Шрэдэра. Баявыя групы былі сфарміраваны з нямецкіх паліцэйскіх палкоў і батальёнаў, спецыяльных танкавых, артылерыйскіх, авіяцыйных падраздзяленняў, часцей пагранічнай аховы генеральных акруг «Беларусь», «Літва», «Латвія». Усходняя група складалася з двух паліцэйскіх палкоў, 254‑га матарызаванага батальёна, двух артылерыйскіх дывізіёнаў, 11‑й роты сувязі, нямецкай жандармерыі і паліцыі. Паўночнай групе, акрамя 16‑га паліцэйскага палка, былі прыдадзены 2‑я авіягрупа і танкавая егерская рота.

Карнікі 24 верасня 1943 г. пачалі акружаць вялікую тэрыторыю па лініі: возера Дрысвяты — усходні бераг возера Аболе — заходні бераг возера Богінскае — в. Казяны — усходні бераг возера Вялікія Швакшты — вёскі Занарач — Чарэмшыцы — Крывічы — Параф’янава — г. Глыбокае — вёскі Ручай — Наўгароды — Мёры — г. п. Друя — возера Дрысвяты.

Намнога большыя сілы праціўніка вымусілі партызан адысці з блакіраваных масіваў. Пры адступленні партызаны мініравалі дарогі, вялі засадныя баі, у некалькіх месцах прарвалі акружэнне і выйшлі ў суседнія раёны Віцебскай вобласці за чыгунку Полацк — Маладзечна. У канцы кастрычніка — пачатку лістапада 1943 г. партызаны вярнуліся на ранейшыя месцы дыслакацыі.

За час аперацыі, паводле няпоўных звестак, карнікі загубілі 509 мясцовых жыхароў, вывезлі на катаргу ў Германію 12 тыс. чалавек, у т. л. 1 708 дзяцей, спалілі 87 вёсак, у т. л. Бабылі (загубілі 25 чалавек), Браслаўская Лука (17 чалавек), Быкаўшчына (29 чалавек), Гайлешы (24 чалавекі), Гробішкі (11 чалавек), Дзегцяры (12 чалавек), Забор’е (12 чалавек), Рудава (12 чалавек), Стайкі (59 чалавек) Браслаўскага раёна, Кеўлічы (28 чалавек), Стахоўскія (49 чалавек) Пастаўскага pаёна, Сухавержжа (60 чалавек) Мёрскага раёна, Ёды (510 чалавек) Шаркаўшчынскага pаёна і інш. Гітлераўцы захапілі 36 тыс. галоў жывёлы, 1 608 ц збожжа, 4 104 ц бульбы, 1 111 ц сена, саломы і гародніны.

Гітлераўскае камандаванне карную аперацыю «Фрыц» прыраўняла да вялікай баявой аперацыі на фронце. Усім яе ўдзельнікам былі выплачаны «франтавыя» і ўзнагарода «за ўдзел у баях».