pdf

«НЮРНБЕРГ»

Дата стварэння: 01.03.2023 15:31:26

Дата змены: 11.09.2024 14:50:23


«Ню́рнберг» («Nürnberg»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскага атрада «Спартак» (гл. Партызанская брыгада «Спартак»), часткова партызанскай брыгады «Няўлоўныя», партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава, спецгруп ЦК КП(б) Літвы і ЦК КП(б) Латвіі і мясцовага насельніцтва ў Браслаўскім, Пастаўскім і Шаркаўшчынскім раёнах Вілейскай вобласці (паміж азёрамі Богінскае і Дрывяты) 22–28 лістапада 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі 1‑й матарызаванай брыгады СС, 14‑га і 16‑га паліцэйскіх і 75‑га пяхотных палкоў, матарызаваных узводаў жандармерыі і часцей вермахта. Ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам начальніка паліцыі бяспекі і СД «Остланд» обергрупенфюрара СС Ф. Екельна і спецыяльнага ўпаўнаважанага рэйхсфюрара СС Г. Гімлера па барацьбе з партызанамі обергрупенфюрара СС і генерала паліцыі Э. фон дэм Бах-Зялеўскага.

Карнікі не змаглі акружыць і знішчыць партызан, але загубілі каля 3 тыс. мірных грамадзян, захапілі жывёлу, разрабавалі маёмасць насельніцтва, спалілі больш за 30 вёсак, у т. л. Баравыя (загубілі 196 чалавек), Плетарова (90 чалавек), Прудзінкі (46 чалавек), Стайкі (127 чалавек) Відзаўскага pаёна, Дунілавічы (829 чалавек) Дунілавіцкага pаёна, Бялкова (13 чалавек), Вязовец (44 чалавекі), Журавоўшчына (11 чалавек), Ігнацэва, Кушталі (48 чалавек), Сцяпаніха (18 чалавек), Строна (8 чалавек), Сухаборац (29 чалавек), Сялібка (3 чалавекі), Трабаўшчына (192 чалавекі) Шаркаўшчынскага pаёна і інш.

Адзін з галоўных кіраўнікоў «Нюрнберга» і іншых крывавых карных аперацый на тэрыторыі Беларусі і Прыбалтыкі Ф. Екельн пасля вайны быў асуджаны на Рыжскім судовым працэсе і публічна павешаны ў Рызе 3 лютага 1946 г.