Дата стварэння: 01.03.2023 15:37:12
Дата змены: 11.09.2024 14:50:24
Партыза́нская брыга́да 14‑я Цемнале́ская
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дрыбінскага, Чавускага, Мсціслаўскага і Чэрыкаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Кармянскага раёна Гомельскай вобласці, Крупскага раёна Мінскай вобласці і Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
Створана ў красавіку 1943 г. у Клічаўскім раёне на базе атрада 128‑га (арганізаваны ў снежні 1941, у лістападзе 1942 — красавіку 1943 у партызанскай брыгадзе 3‑й Бярэзінскай), адначасова арганізаваны атрад 129‑ы. У маі 1943 г. на базе вылучанай партызанскай брыгадай 9‑й Кіраўскай групы Я. С. Шаленкі арганізаваны атрад 127‑ы. У маі 1943 г. брыгада перадыслацыравана ва ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці. У чэрвені 1943 г. сфарміраваны 41‑ы атрад. У ліпені 1943 г. атрад 127‑ы расфарміраваны, група Я. С. Шаленкі вярнулася ў 9‑ю Кіраўскую брыгаду, астатнія партызаны ўліліся ў 129‑ы атрад. У жніўні 1943 г. атрад 41‑ы перайменаваны ў атрад 127‑А, адначасова арганізаваны 126‑ы атрад.
Партызаны 128‑га атрада ў сакавіку і верасні 1942 г. удзельнічалі ў разгроме варожых гарнізонаў у г. п. Клічаў і в. Выдрыца Крупскага раёна (гл. у артыкулах Клічаўскія баі 1942, 1943 гг., Выдрыцкі бой 1942 г.). Вялі баі з карнікамі, у т. л. каля вёсак Развадава (красавік 1942), Суша (май 1942) Клічаўскага pаёна. Праводзілі аперацыі на чыгуначнай лініі Мінск — Орша каля станцый Крупкі Крупскага раёна, Слаўнае Талачынскага раёна. Партызаны брыгады наносілі ўдары па чыгуначных лініях Магілёў — Крычаў, Орша — Крычаў. На чыгуначным участку Магілёў — Рэста на лініі Магілёў — Крычаў 3 жніўня 1943 г. падарвалі 1,1 тыс. рэек. Рухаючыся на злучэнне з Чырвонай арміяй, разграмілі гарнізоны ў вёсках Студзянец, Салабута, Касцюкоўка Кармянскага pаёна, з баямі пераправіліся цераз р. Сож.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 кастрычніка 1943 г., на той момант уключала атрады 128‑ы, 129‑ы, 127‑А, 126‑ы, у складзе якіх змагаліся 1 065 партызан.
Камандзір брыгады С. Р. Ялецкі, камісар М. Ф. Спяранскі, начальнік штаба I. П. Сычоў.