Дата стварэння: 01.03.2023 15:38:44
Дата змены: 11.09.2024 14:50:24
Партыза́нская брыга́да 11‑я Бы́хаўская
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Клічаўскага, Быхаўскага, Кіраўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.
Створана ў красавіку 1943 г. загадам па Магілёўскай ваенна-аператыўнай групе (абласной) на базе атрадаў 425‑га і 810‑га, пазней арганізаваны атрады 225‑ы і 435‑ы.
Партызаны ў красавіку — чэрвені 1943 г. падарвалі 14 эшалонаў, 4 масты на чыгунцы, шашэйных і грунтавых дарогах. У баях па ачышчэнні раёна дыслакацыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў знішчылі 22 аўтамашыны, 11 гармат, разграмілі 2 гарнізоны. На чыгуначным участку Тошчыца — 15‑ы раз’езд (на лініі Магілёў — Жлобін) 6 ліпеня 1943 г. разабралі 400 м чыгуначнага пуці, падарвалі 90 рэек, за 4 км ад станцыі Тошчыца разбурылі мост.
Брыгада ў ліпені 1943 г. пераўтворана ў Быхаўскую ваенна-аператыўную групу, на той момант уключала атрады 810‑ы, 425‑ы, 225‑ы і 435‑ы, у якіх налічвалася каля 1 980 партызан.
Камандзір брыгады Ф. П. Падалян; начальнікі штаба: М. Г. Кісялёў, I. П. Федзячэнка (выконваў абавязкі).