Дата стварэння: 01.03.2023 15:46:46
Дата змены: 11.09.2024 14:50:24
Партыза́нская брыга́да 130‑я «По́мста» (партыза́нскі атра́д 130‑ы «По́мста»)
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бярэзінскага, Бялыніцкага і Магілёўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
У ліпені 1942 г. на базе партызанскай групы на чале з В. В. Беражным (дзейнічала з красавіка 1942 у Бярэзінскім і сумежных з ім раёнах) створаны атрад «Помста», у верасні 1942 г. увайшоў у Клічаўскі аператыўны цэнтр як атрад 130‑ы «Помста», у лістападзе 1942 — маі 1943 г. атрад у складзе партызанскай брыгады 3‑й Бярэзінскай, з ліпеня 1943 г. — асобны атрад Бярэзінскай ваенна-аператыўнай групы.
Партызаны ў жніўні 1942 г. узарвалі вадакачку на чыгуначнай станцыі Дашкаўка, у жніўні 1943 г. падарвалі 200 рэек. У жніўні і кастрычніку 1942 г., маі 1943 г., студзені 1944 г. удзельнічалі ў баях з карнікамі, у снежні 1943 г. — у засадным баі на шашы Мінск — Магілёў. У час наступлення Чырвонай арміі наносілі ўдары па ворагу каля в. Галынка Бярэзінскага раёна.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант у яго шэрагах змагаліся 484 партызаны. Пасля злучэння Беларускі штаб партызанскага руху вызначыў 130‑ы атрад як брыгаду ў складзе трох атрадаў з кастрычніка 1943 г.
Камандзіры: В. В. Беражной (загінуў), В. В. Лазараў; камісары: С. Ц. Крыварот, М. С. Фралоў, П. А. Рыняк, М. А. Цітоў; начальнік штаба М. С. Фралоў.