Дата стварэння: 02.10.2023 11:04:07
Дата змены: 01.03.2024 09:44:02
Паўднё́ва-Пры́пяцкае партыза́нскае злучэ́нне
Створана загадам па Палескім партызанскім злучэнні ад 19 мая 1943 г. Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Ельскага, Лельчыцкага, Мазырскага, Нараўлянскага і Тураўскага раёнаў.
Аб’ядноўвала асобныя партызанскія атрады: Ельскі, Мазырскі, імя М. І. Кутузава, імя М. І. Калініна, імя С. М. Кірава і «За Радзіму», у якіх на момант фарміравання злучэння налічвалася 934 партызаны. У чэрвені 1943 г. арганізаваны новыя атрады — імя А. В. Суворава (Нараўлянскі) і імя А. В. Суворава (Лельчыцкі). У ліпені — кастрычніку ў сувязі з ростам партызанскіх атрадаў у злучэнні арганізаваны партызанскія брыгады 37‑я Ельская, Мазырская імя Аляксандра Неўскага, Лельчыцкая і 27‑я Нараўлянская імя С. М. Кірава. Партызанскі атрад Тураўскі «За Радзіму» дзейнічаў самастойна. На 1 снежня 1943 г. злучэнне налічвала 2 612 партызан. Штаб злучэння размяшчаўся ў лесе каля вёсак Лукаўцы, Маркоўскае на тэрыторыі Ельскага і Лельчыцкага раёнаў. Пасадачныя пляцоўкі для самалётаў абсталёўваліся на ўсход ад р. Балотніца (Свідовец).
Партызаны злучэння вялі сістэматычныя баявыя дзеянні на чыгунках, шашэйных і грунтавых дарогах, а таксама зрывалі перавозкі грузаў па р. Прыпяць; у жніўні — верасні 1943 г. удзельнічалі ў аперацыях масавага разбурэння чыгункі на ўчастку Мазыр — Ельск — Славечна. Разам з перадавымі часцямі Беларускага і 1‑га Украінскага франтоў партызаны злучэння прымалі ўдзел у вызваленні Мазыра, гарадскіх пасёлкаў Ельск і Нароўля, вёсак Верхні і Ніжні Млынок Нараўлянскага pаёна, Замошша, Астражанка, Сіманічы Лельчыцкага pаёна, Бабры, Дразды, Козенкі, Скрыгалаў Мазырскага раёна.
Злучэнне чатырох брыгад і асобнага атрада з часцямі Чырвонай арміі адбывалася ў ходзе вызвалення раёнаў дыслакацыі з 27 лістапада 1943 г. да 31 студзеня 1944 г., лінію фронту перайшло каля 3 тыс. партызан. Штаб злучэння выйшаў у савецкі тыл разам з асноўнымі сіламі 37‑й Ельскай брыгады 16 студзеня 1944 г.
Камандзіры: М. С. Дзьячэнка (да верасня 1943), А. М. Бяленчык (з верасня 1943); камісар А. М. Бяленчык; начальнік штаба Р. С. Аўдзяйчук.