ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ С. М. КІРАВА, Баранавіцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ С. М. КІРАВА

Дата стварэння: 01.03.2023 15:50:07

Дата змены: 11.09.2024 14:59:13

Партыза́нская брыга́да імя́ С. М. Кі́рава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Лідскага, Навагрудскага, Іўеўскага і Воранаўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.

Створана ў чэрвені 1943 г. на базе атрадаў: імя К. Я. Варашылава, «Іскра» (арганізаваны ў лістападзе 1942 на базе груп I. А. Феакцістава, А. Ярмолава і В. А. Дзямідава), «Кастрычніцкі» (арганізаваны ў красавіку 1942 як атрад 96‑ы, дзейнічаў у Навагрудскім і Дзятлаўскім раёнах) і «Балтыец» (арганізаваны ў маі 1943), вылучаных партызанскай брыгадай Ленінскай. Пры фарміраванні брыгады арганізаваны атрад імя Р. К. Арджанікідзэ. У лістападзе 1943 г. атрад імя К. Я. Варашылава перададзены ў партызанскую брыгаду імя К. Я. Варашылава. У снежні 1943 г. арганізаваны атрад «За Савецкую Беларусь», у лютым 1944 г. у склад брыгады ўключаны атрад «Арол» партызанскай брыгады 1‑й Баранавіцкай.

У ліпені — снежні 1943 г. партызаны разграмілі 7 паліцэйскіх участкаў, 20 валасных упраў, 38 маёнткаў; на чыгуначных участках Гаўя — Юрацішкі, Наваельня — Яцукі 20 верасня падарвалі больш за 330 рэек, на станцыі Наваельня 29 кастрычніка захапілі маняўровы лакаматыў і накіравалі яго на эшалон, у выніку разбіты паравоз і 8 вагонаў. Толькі ў снежні 1943 г. на чыгуначных участках Ліда — Баранавічы і Ліда — Маладзечна здзейснілі 10 дыверсій. Правялі 8 баёў, знішчылі 5 аўтамашын, захапілі 2 аўтамашыны, 2 кулямёты, 15 вінтовак. У студзені 1944 г. правялі бой каля райцэнтра Іўе, захапілі 25 вінтовак, 2 кулямёты, 3 аўтамашыны, праціўнік страціў шмат салдат. У час прарыву блакады партызанскага злучэння Шчучынскай зоны разграмілі гарнізон у пас. Бярозаўка (шклозавод «Нёман»), разбурылі воданапорную вежу і паваротнае кола на станцыі Ліда. У ліпені 1944 г. захапілі і да падыходу савецкіх войск утрымлівалі пераправу цераз р. Нёман.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 7 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Іскра», «Кастрычніцкі», «Балтыец», «Арол», імя Р. К. (Сярго) Арджанікідзэ, «За Савецкую Беларусь», у якіх налічвалася 1 028 партызан.

Камандзіры брыгады: Ф. М. Сінічкін, С. П. Васільеў; камісар С. М. Кандакоў; начальнікі штаба: П. I. Смірноў, С. П. Васільеў, М. А. Пракаповіч.

Камандзіру брыгады Ф. М. Сінічкіну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.