pdf

«ФРАНЦ»

Дата стварэння: 01.03.2023 16:01:35

Дата змены: 11.09.2024 16:03:56


«Франц» («Franz»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскай брыгады «За Радзіму» (гл. партызанская брыгада «За Радзіму» імя А. К. Флегантава), партызанскай брыгады 1‑й Асіповіцкай, партызанскай брыгады 1‑й Мінскай і мясцовага насельніцтва ў Бярэзінскім, Асіповіцкім раёнах Магілёўскай вобласці, Пухавіцкім і Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці ў студзені 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі вышэйшага кіраўніка СС і паліцыі Цэнтральнай Расіі і Беларусі, ахоўных і франтавых часцей вермахта. Карнікі наступалі ад в. Пухавічы Пухавіцкага раёна, г. Чэрвень, г. п. Беразіно і г. Асіповічы.

Некалькі дзён партызаны стрымлівалі націск карнікаў. Цяжкія баі адбыліся каля вёсак Іванічы, Зенанполле (Чэрвеньскі раён), Турын (цяпер аграгарадок, Пухавіцкі раён), Пудзецкая Слабада (Слабада; Пухавіцкі раён), Каменічы, Пагарэлае, Лочын, рабочага пас. Градзянка (цяпер вёска, Асіповіцкі раён). Першая Мінская брыгада пазбегла акружэння, перасекла шашу Мінск — Магілёў і выйшла на поўнач Чэрвеньскага раёна да возера Пясочнае. Астатнія брыгады разам з мясцовым насельніцтвам, якое ратавалася ад карнікаў, былі блакіраваны ў Градзянскім лесе. 7 студзеня створана група прарыву на чале з камандзірам 752‑га атрада партызанскай брыгады «За Радзіму» В. I. Лівенцавым.

Партызаны 8 студзеня прарвалі блакаду паміж рабочым пас. Градзянка і в. Ляды (Чэрвеньскі раён), нанеслі праціўніку цяжкія страты ў жывой сіле, захапілі 7 кулямётаў, 17 тыс. патронаў і іншыя трафеі, фарсіравалі р. Бярэзіна каля в. Якшыцы (Бярэзінскі раён), вывелі з блакады больш за 1 тыс. мясцовых жыхароў і выйшлі ў Клічаўскія і Бярэзінскія лясы.

У час карнай аперацыі гітлераўцы расстралялі, павесілі і спалілі жывымі 2 025 савецкіх грамадзян, спалілі вёскі Ляды (загубілі 45 чалавек), Каменка (10 чалавек) Пухавіцкага раёна, Вялікая Гарожа і пас. Май (270 чалавек), Бортнае, Брыцалавічы (676 чалавек), Буда (42 чалавекі), Вярбілава (45 чалавек), Градзянка і Яноўка (11 чалавек), Макаўе, Межнае (86 чалавек) Асіповіцкага раёна і інш. На катаржныя работы ў Германію вывезлі больш за 1 тыс. чалавек, захапілі 2,4 тыс. галоў жывёлы, 60 т збожжа.