Дата стварэння: 01.03.2023 16:03:50
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
«Хрушч»
«Майскі жук» («Maikafer»)
Кодавая назва двух карных аперацый нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва Клічаўскай партызанскай зоны ў 1942 г. і 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Першая аперацыя праводзілася з 30 чэрвеня да 20 ліпеня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны сіламі 203‑й ахоўнай дывізіі, спецыяльнага карнага батальёна «Ост» і т. зв. «добраахвотніцкіх» батальёнаў «Бярэзіна» і «Дняпро».
Абарону партызанскай зоны ажыццяўлялі партызанскія атрады 208‑ы імя І. В. Сталіна, 152‑і, 277‑ы, 537‑ы, 620‑ы імя В. І. Чапаева і 760‑ы пад кіраўніцтвам Клічаўскага падпольнага райкама КП(б)Б і Клічаўскага аператыўнага цэнтра (камандзір палкоўнік У. І. Нічыпаровіч). Упартым супраціўленнем і контратакамі яны сарвалі планы карнікаў акружыць і знішчыць партызанскія сілы і нанеслі ім вялікія страты. У баі забіты кіраўнік карнай аперацыі, у выніку страт з аперацыі выведзены батальён «Бярэзіна». Наступленне карнікаў было спынена на рубяжы р. Ольса паміж г. п. Клічаў (цяпер горад) і в. Бацэвічы Клічаўскага раёна. Ваенны савет Заходняга фронту арганізаваў дастаўку партызанам боепрыпасаў і ўзбраення, эвакуацыю параненых. З мэтай дапамогі камандаванню ў партызанскую зону накіраваны ўпаўнаважаны ЦК КП(б)Б М. I. Сарычаў і прадстаўнік Заходняга штаба партызанскага руху (ЗШПР) капітан М. С. Канатопскі. Усе намаганні карнікаў фарсіраваць р. Ольса і захапіць плацдарм не мелі поспеху.
21 ліпеня на дапамогу карнікам кінуты 286‑я ахоўная дывізія, 2 артылерыйскія дывізіёны, узмоцненыя каманды тайнай палявой паліцыі і СД, 2‑і паліцэйскі полк, спецыяльныя каманды па захопе рабочай сілы, прадуктаў харчавання. маёмасці і жывёлы. Працяг аперацыі атрымаў кодавую назву «Арол».
Другая аперацыя «Хрушч» праводзілася 3–17 мая 1943 г. сіламі 2‑га грэнадзёрскага самакатнага і 635‑га грэнадзёрскага вучэбна-палявога палкоў, 13‑га паліцэйскага палка і трох эскадронаў 600‑га палка з прыдадзенымі ім авіяцыйнымі, танкавымі, артылерыйскімі і іншымі падраздзяленнямі, накіраванымі камандаваннем нямецкай групы армій «Цэнтр».
Карнікі канцэнтраваным наступленнем з раёнаў г. Магілёў, гарадскіх пасёлкаў Бялынічы (цяпер горад), Беразіно (цяпер горад) і пас. Кіраўск (цяпер горад) імкнуліся заблакіраваць партызанскія брыгады Клічаўскай партызанскай зоны ва Усакінскім лесе, а потым знішчыць, забяспечыўшы за сабою кантроль над шашой Бабруйск — Магілёў і чыгункай Асіповічы — Магілёў.
Кальцо блакады замкнулася 4 мая, на партызанскія лагеры абрушыўся шквал артылерыйскага і мінамётнага агню. Гітлераўцы разлічвалі завяршыць аперацыю за 5 дзён, але ў 1‑ы дзень наступлення сустрэлі ўпартае супраціўленне 1‑й, 2‑й, 4‑й, 5‑й Клічаўскіх, 3‑й Бярэзінскай і 6‑й Магілёўскай брыгад, якія аказаліся ў блакадзе. Упартымі сустрэчнымі баямі, імкнучыся прарваць блакаду, партызаны вымусілі праціўніка змяніць тактыку: ён пачаў акопвацца, абсталяваў агнявыя кропкі, хады зносін паміж трыма радамі траншэй. Блакаднае кальцо ўзмацнялася танкамі і бронемашынамі. Паводле загада Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы пры падпольным абкаме КП(б)Б і Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б, брыгады разгрупаваліся па ўсёй лініі акружэння, пакінулі ў лагерах і закапалі ўсё, што магло перашкодзіць хуткаму манеўру і прарыву. Фашысты пачалі масіраваны абстрэл лесу 5 мая, авіяцыя наносіла бомбавыя ўдары, скідвала касеты з запальнымі бомбамі і бочкі з лёгкаўзгаральнай вадкасцю. Пачаліся лясныя пажары. Першымі прарвалі блакаду ў ноч на 6 мая 1‑я і 2‑я Клічаўскія брыгады, якія знішчылі на ўчастку прарыву артылерыйскія і мінамётныя батарэі, 2 бронемашыны і роту гітлераўцаў. 3‑я Бярэзінская брыгада выйшла ў раён в. Вялікае Махавое. Астатнія брыгады разгрупаваліся і выходзілі невялікімі групамі.
Ва Усакінскім лесе гітлераўцы ўчынілі крывавую расправу над знойдзенымі ў лясных шпіталях параненымі: 209 з іх было забіта або прапала без вестак (87 параненых партызаны вынеслі на руках з зоны). У баях з карнікамі партызаны знішчылі да 400 салдат, афіцэраў і паліцэйскіх, у т. л. у шэрагу разгромленых варожых гарнізонаў і апорных пунктаў.
17 мая нямецкае камандаванне групы армій «Цэнтр» спыніла аперацыю. Партызанскія брыгады вярнуліся на месцы свайго базіравання. Камандуючы аперацыяй генерал-лейтэнант Пільц вымушаны быў прызнаць, што адваяваную ў ходзе аперацыі «Xрушч» шашэйную дарогу Мінск — Магілёў зноў давялося аддаць партызанам, і тыя моцна яе разбурылі.