Дата стварэння: 24.10.2023 09:04:17
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
«Белару́скі рабо́тнік»
Штотыднёвая газета для беларусаў, якія добраахвотна выехалі або прымусова былі вывезены як рабочая сіла ў Германію ў перыяд акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікую Айчынную вайну.
Выдавалася з пачатку 1943 г. да сярэдзіны 1944 г. у Берліне на беларускай мове пад кантролем германскіх улад. Рэдактары: В. Тумаш, С. Грынкевіч.
Газету курыравала т. зв. Беларускае прадстаўніцтва пры Міністэрстве ўнураных спраў Германіі.
Для публікацый «Беларускага работніка» былі характэрныя спрошчанасць і пранацысцкая тэндэнцыйнасць у асвятленні падзей.
Друкавала агляды міжнароднага жыцця, навукова-папулярныя і пазнавальныя матэрыялы (рубрыка «З усяго свету»), свецкую хроніку. У рубрыцы «Весткі з Беларусі» інфармавала пра дзейнасць нацыяналістычных калабарацыянісцкіх арганізацый, публікавала артыкулы і нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, вершаваныя і празаічныя творы асобных беларускіх аўтараў. Частка матэрыялаў з’яўлялася перадрукам з беларускіх акупацыйных газет.
Выйшла не менш за 41 нумар.