БРОННАЯ ГАРА, месца масавай загубы нямецка-фашысцкімі акупантамі мірнага савецкага насельніцтва
pdf

БРОННАЯ ГАРА

Дата стварэння: 24.10.2023 09:09:51

Дата змены: 11.09.2024 16:01:20


location Google location Yandex

Бронная Гара


Бро́нная Гара́

Месца масавай загубы нямецка-фашысцкімі акупантамі мірнага савецкага насельніцтва ва ўрочышчы Бронная Гара Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці каля чыгуначнай станцыі Бронная Гара на лініі Баранавічы — Брэст у час Вялікай Айчыннай вайны.

У маі — чэрвені 1942 г. ва ўрочышчы было выкапана 8 ям даўжынёй 45–60 м, шырынёй 6–6,5 м, глыбінёй 3–4 м; іх абнеслі калючым дротам. З гарадоў і раённых цэнтраў Брэсцкай (Брэст, Бяроза, Кобрын) і Пінскай (Пінск, Антопаль, Драгічын, Іванава) абласцей па спецыяльна пабудаванай гітлераўцамі чыгуначнай ветцы, якая праходзіла ад цэнтральнай магістралі праз пляцоўку з ямамі-магіламі, сюды дастаўлялі эшалоны з савецкімі грамадзянамі, пераважна з жанчынамі, дзецьмі, старымі. На спецыяльных пляцоўках людзей прымушалі распранацца, па драцяных калідорах гналі да ям, загадвалі класціся радамі і расстрэльвалі з аўтаматаў.

Да лістапада 1942 г. ва ўрочышчы было загублена больш за 50 тыс. чалавек, пераважна яўрэяў.

Каб замесці сляды сваіх злачынстваў, у сакавіку 1944 г. гітлераўцы прыгналі сюды 100 палонных, якія 2 тыдні раскопвалі і палілі трупы. Потым расстралялі і спалілі і тых, хто выконваў гэтыя работы.

На ўшанаванне памяці ахвяр нацысцкага тэрору ў 1992 г. на месцы іх расстрэлаў і пахаванняў пастаўлены камень-валун з памятным надпісам, у 1994 г. — невялікая стэла з мемарыяльнымі дошкамі і манумент у выглядзе дзвюх стылізаваных пад чыгуначныя рэйкі стэл са звонам паміж імі. У 2007 г. на пастаменце манумента ўстаноўлена мемарыяльная дошка з надпісамі на чатырох мовах — беларускай, англійскай, іўрыце і ідыш.

Месца масавага знішчэння насельніцтва Бронная Гара увекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» у адной з ніш «Сцяны памяці».


Літаратура
  1. Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941–1944. / сост.: З. И. Белуга [и др.]. – Минск: Беларусь, 1965.

  2. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  3. Память: Историко-документальная хроника Березовского района / Редкол.: В. В. Андриевич (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Выдавецтва Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2014.

  4. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Брестская область: Сборник архивных документов и материалов / Редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь; – Москва: Фонд «Историческая память», 2022.

  5. Холокост в Беларуси: трагедия и память: документы и материалы / сост.: В. Д. Селеменев (руководитель) [и др.]. – Минск: Колорград, 2022.