Дата стварэння: 24.10.2023 09:14:24
Дата змены: 11.09.2024 14:58:23
«Во́льная пра́ца»
Газета, заснавана ў верасні 1939 г. як орган Часовага ўпраўлення Слонімскага павета (да 5.12.1939), затым Слонімскага павятовага камітэта КП(б)Б і павятовага выканаўчага камітэта (12.12.1939 — 25.1.1940), Слонімскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Баранавіцкай вобласці (31.1.1940 — 22.6.1941).
У час Вялікай Айчыннай вайны орган Слонімскага падпольнага райкама КП(б)Б. Выдавалася ў 1943–1944 гг. у партызанскім атрадзе імя Ф. Э. Дзяржынскага партызанскай брыгады імя К. К. Ракасоўскага. Друкарня і рэдакцыя размяшчаліся ў зямлянцы ў лесе «Воўчыя норы» на поўдні Слонімшчыны. Тут таксама выдаваліся газеты «За Родину» (орган Баранавіцкага падпольнага гаркама КП(б)Б) і «Барацьба».
Газета выходзіла ў фармаце А4 на дзвюх ці чатырох старонках з ілюстрацыямі. Клішэ для ілюстрацый былі зроблены на бярозавых дошчачках мастаком М. М. Бяляеўскім (рабіў клішэ і для іншых падпольных газет, брашур і лістовак, афармляў насценныя газеты партызанскіх атрадаў). Вядома 30 нумароў за перыяд з 12 кастрычніка 1943 г. да 7 ліпеня 1944 г. на беларускай мове. Тыраж кожнага нумара складаў 350–800 экзэмпляраў. Рэдактары: М. Т. Анішчык, М. В. Бурсевіч (з мая 1944). Распаўсюджвалася газета з дапамогай удзельнікаў Слонімскай раённай антыфашысцкай арганізацыі.
Выданне інфармавала пра падзеі на франтах і ў савецкім тыле, партызанскія аперацыі на Слонімшчыне, злачынствы гітлераўцаў. У газеце друкаваліся жарты і карыкатуры на акупантаў і калабарантаў.
Пасля вызвалення БССР выдавалася пад той жа назвай. З 1962 г. мела назву «За перамогу камунізма». Са жніўня 1966 г. друкавалася як орган Слонімскага райкама КПБ, раённага і гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных (Саветы народных дэпутатаў з 1977) Гродзенскай вобласці.
З 1991 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Слонімскі веснік» 3 разы на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнік Слонімскі раённы выканаўчы камітэт.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Регионы Беларуси. Гродненская область: энциклопедия: в 7 т. Т. 4. Кн. 2 / Редкол.: В. В. Андриевич (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2015.
Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліяграфічны паказальнік / склад. В. С. Адамовіч. – Мінск: Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна, 1975.
Газеты Белорусской ССР, 1917–1975: библиографический указатель: в 2 ч. Ч. 1 / сост.: Л. К. Форостяная, К. М. Калугина, Д. Н. Катюшина. – Минск: Дзяржаўная кніжная палата БССР, 1984.
Газеты Беларусі 1776–1975: бібліяграфічны паказальнік / склад.: Л. М. Няхайчык, Ю. А. Ерашэвіч, В. Я. Бакуновіч. – Мінск: Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2003.
Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1944): краткие сведения об организации, структуре и составе / ред.: В. Н. Султанов, А. П. Костелецкая. – Минск: Издательство «Беларусь», 1975.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Слонімскага раёна / Рэдкал.: Л. М. Драбовіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 2004.
І паўстаў народ...: факсімільнае выданне падпольных і партызанскіх газет, часопісаў, лістовак перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў / уклад.: А. В. Стэфановіч, В. А. Рабкоў. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.
Павлова С. А. Книга и чтение в жизни партизан Беларуси. – Минск: Белорусский государственный университет культуры и искусств, 2011.
Подпольная и партизанская печать Беларуси: газеты, листовки, рукописные материалы, стенгазеты / сост.: А. В. Белый, В. Ю. Лысенко. – Минск: Национальная библиотека Беларуси, 2015. – 1CD-ROM.