Дата стварэння: 24.10.2023 09:15:48
Дата змены: 06.03.2025 09:41:50
Гарадзе́цкі бой 1943 г.
Бой у Вялікую Айчынную вайну паміж партызанскім палком 425‑м i карным атрадам гітлераўцаў у в. Гарадзец Быхаўскага раёна 30 лістапада 1943 г., аперацыя па выратаванні мірных жыхароў.
Камандаванню партызанскага палка стала вядома, што карнікі занялі в. Гарадзец, жыхароў гэтай i суседніх вёсак (больш за 70 жанчын, старых i дзяцей) зачынілі ў трох хлявах i збіраліся падпаліць ix 1 снежня 1943 г. У раён Гарадца ў 18 гадзін 30 лістапада 1943 г. была паслана разведка, следам за ёй 150 байцоў 1‑га батальёна палка на чале з камбатам П. М. Цагельнікавым хутка i скрытна зрабілі 12‑кіламетровы марш да паўночнай ускраіны Гарадзецкага лесу, дзе ў 23 гадзіны камандаванне батальёна атрымала ад разведчыкаў даныя пра колькасць, размяшчэнне i ўзбраенне гарнізона. Засады былі выстаўлены на дарогах з боку г. Быхаў i в. Залатва Быхаўскага раёна. Дзве штурмавыя партызанскія групы адкрылі кулямётны агонь i закідалі гранатамі будынкі, дзе заселі карнікі. Другая частка партызан, якая трыма групамі вызваліла зачыненых у трох хлявах жыхароў, сустрэла ўпартае супраціўленне ворага i была контратакавана. Завязалася рукапашная схватка, зыход якой вырашыў рэзервовы ўзвод партызан.
Былі знішчаны 66 з 70 карнікаў, мясцовыя жыхары выратаваны. Партызаны страцілі 5 чалавек забітымі i параненымі.