pdf

ДРУКАРНІ ПАДПОЛЬНЫЯ

Дата стварэння: 24.10.2023 09:19:54

Дата змены: 11.09.2024 16:03:56

Друка́рнi падпо́льныя

Ствараліся на акупіраванай тэрыторыі Беларусі Цэнтральным камітэтам КП(б)‌Б, Цэнтральным камітэтам ЛКСМБ, абласнымі, гарадскімі, раённымі падпольнымі камітэтамі КП(б)‌Б і ЛКСМБ, камандаваннем партызанскіх фарміраванняў, падпольнымі партыйнымі, камсамольскімі і антыфашысцкімі арганізацыямі. Друкавалі газеты, лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, звароты і брашуры.

У пачатку падпольнай барацьбы ў тыле ворага патрыёты не мелі ўласнай паліграфічнай базы і ў шэрагу выпадкаў, рызыкуючы жыццём, набіралі і друкавалі нелегальныя выданні ў друкарнях акупантаў. Так было ў гарадах Мінск, Гомель, Бабруйск, Вілейка і інш. У 1941–1942 гг. абсталяванне для першых падпольных друкарняў падпольшчыкі здабывалі ў ворага, знаходзілі схаванае пры адступленні або разбітае армейскае, рабілі самі.

Размяшчаліся падпольныя друкарні ў асноўным на канспіратыўных кватэрах. Так працавалі друкарні Мінскага партыйнага падполля, друкарня Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта і інш.

У Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці падпольная друкарня дзейнічала ў в. Хамічы; шрыфт для яе патрыёты здабылі ў нямецкай друкарні ў г. Кіраўск, самі змайстравалі станок і наборную касу.

Падпольшчыкі Бабруйска вывезлі на аўтамашыне з нямецкай друкарні шрыфт, вярстатку, паперу, валік і іншае абсталяванне ў лес паблізу в. Булкаў Акцябрскага раёна Палескай вобласці. У створанай тут раённай падпольнай друкарні надрукавана 55 назваў лістовак агульным тыражом 25,5 тыс. экзэмпляраў, з лістапада 1942 г. выдавалася газета «Бобруйский партизан». Знойдзены сялянамі в. Ходараў Прапойскага раёна Магілёўскай вобласці камплект друкарскага абсталявання быў дастаўлены ў партызанскі атрад 42‑і, дзе былі зроблены наборная каса і друкарскі станок. Неўзабаве ў атрадзе сталі выходзіць баявы лісток, атрадная газета, а са стварэннем Прапойскага падпольнага райкама КП(б)‌Б — газета «За Советскую Родину».

Аршанскія падпольшчыкі вынеслі з друкарні акупантаў шрыфт і фарбу, якія выкарыстоўваліся для друкавання лістовак і газеты «Ленинский призыв» — органа Аршанскага падпольнага райкама КП(б)‌Б Віцебскай вобласці.

Вілейскія патрыёты здабылі ў нямецкай друкарні некалькі кілаграмаў шрыфту, фарбу, паперу, зрабілі касеты для шрыфту і іншае абсталяванне. Друкарню размясцілі ў г. п. Куранец Вілейскай вобласці ў скляпенні дома. Націскным прэсам служыў барабан ад малатарні, напоўнены пяском і абцягнуты сукном. Тут быў надрукаваны першы нумар газеты «За Совецкую Беларусь» — органа Лагойскага падпольнага райкама КП(б)‌Б Мінскай вобласці.

Сярод першых у месцах дыслакацыі партызанскіх фарміраванняў былі створаныя падпольныя друкарні Клічаўскага, Рудзенскага падпольных райкамаў КП(б)‌Б, партызанскай брыгады «Дзядзькі Колі» і інш.

Надаючы вялікае значэнне выдавецкай дзейнасці ў тыле ворага, ЦК КП(б)‌Б у 1942 г. пераправіў падпольным партыйным органам і партызанскім фарміраванням 31 партатыўную плоскадрукавальную машыну, ЦК ЛКСМБ — 8 малагабарытных друкарняў і 12 шклографаў. З 23 верасня 1942 г. ЦК КП(б)‌Б арганізаваў двухтыднёвыя курсы па падрыхтоўцы друкароў-наборшчыкаў. Да канца 1942 г. на акупіраванай тэрыторыі Беларусі друкарскім спосабам выдавалася 9 газет: «Звязда», «Віцебскі рабочы» і 7 раённых. ЦК КП(б)‌Б 15 снежня 1942 г. прыняў рашэнне аб стварэнні ў снежні 1942 — студзені 1943 г. 10 абласных і 50 раённых падпольных друкарняў.

У 1943 г. паліграфічная база падпольных партыйных органаў значна пашырылася і ўмацавалася. Была абсталявана вялікая колькасць новых друкарняў, якія па магчымасці забяспечваліся з савецкага тылу паперай, фарбамі і іншымі неабходнымі матэрыяламі; падабраны кадры нaборшчыкаў, друкароў і журналістаў, наладжана выданне падпольных газет ва ўсіх абласцях і ў большасці раёнаў рэспублікі.

Выконваючы рашэнне лютаўскага Пленума ЦК КП(б)‌Б 1943 г. аб дадатковай засылцы на Беларусь друкарскіх машын з запасамі паперы, ЦК прыняў меры па наладжванні вырабу партатыўных друкарскіх машынак канструкцыі механіка фабрыкі «Палесдрук» Ф. М. Пільціенкі. Вырабляў іх маскоўскі завод «Геапрыборколермет». Да чэрвеня 1943 г. на акупіраваную тэрыторыю рэспублікі перапраўлена 167 партатыўных друкарскіх машынак. Падрыхтавана таксама 70 наборшчыкаў. Усё гэта дазволіла наладзіць у гады акупацыі выпуск больш за 160 падпольных газет, вялікую колькасць агітацыйна-прапагандысцкай літаратуры.

У 1943–1944 гг. падпольныя друкарні размяшчаліся ў асноўным у партызанскіх зонах. Часта на базе адной падпольнай друкарні друкавалася некалькі газет. У друкарні газеты «Звязда» выдаваліся «Чырвоная змена» і «Кліч Радзімы» — орган Любанскага райкама КП(б)‌Б. У друкарні Лагойскага райкама КП(б)‌Б друкаваліся «Партизанская правда» — орган Ільянскага, «Ленінец» — Плешчаніцкага падпольных райкамаў КП(б)‌Б Мінскай вобласці, «Котовец» — орган камандавання партызанскага атрада імя Р. І. Катоўскага. У падпольнай друкарні Лідскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)‌Б акрамя газеты «Уперад» выдаваліся «Большевик» — орган Юрацішкаўскага, «Мститель» — Іўеўскага, «Звезда» — Навагрудскага, «Смерть фашизму» — Любчанскага падпольных райкамаў КП(б)‌Б Баранавіцкай вобласці.

У выпадку пагрозы захопу праціўнікам тэрыторыі, якая кантралявалася партызанамі, падпольныя друкарні мянялі месцы базіравання, але не спынялі выпуску падпольных выданняў. Так, трэці нумар газеты «Большэвік Палесся» набраны ў в. Камаровічы, а надрукаваны ў в. Фаставічы Капаткевіцкага раёна Палескай вобласці, чацвёрты рыхтаваўся да выпуску ў трох населеных пунктах. Друкарня Слуцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б размяшчалася ў залежнасці ад абставін на востраве Зыслаў Любанскага раёна, у в. Новыя Цярушкі Старобінскага раёна Мінскай вобласці і іншых месцах.

Па меры вызвалення Чырвонай арміяй тэрыторыі Беларусі адны падпольныя друкарні пераходзілі на легальнае становішча, другія, выканаўшы ўскладзеныя на іх задачы, спынялі дзейнасць.