Дата стварэння: 24.10.2023 09:20:11
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
Друка́рня Брэ́сцкага абласно́га антыфашы́сцкага камітэ́та
Створана ў чэрвені 1942 г. паводле рашэння Брэсцкага міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі».
Друкарня знаходзілася ў Ружанскім раёне Брэсцкай вобласці спачатку ў лесе каля в. Куляны, зімой 1942–1943 гг. у в. Байкі ў спецыяльна абсталяванай зямлянцы, вясной 1943 г. — у вёсках Заполле, Апялянавічы, пазней у Ружанскай пушчы. Шрыфт (больш за 5 кг) сабралі члены падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі в. Заполле. Яны зрабілі наборную касу, клішэ з выявай Крамля, загаловачныя шрыфты. Друкарскай фарбай, паперай, стужкамі для пішучых машынак і іншымі матэрыяламі друкарню забяспечвалі сакратар па прапагандзе і агітацыі камітэта М. Е. Крыштафовіч і член Ружанскага раённага, а потым Брэсцкага абласнога антыфашысцкіх камітэтаў А. М. Дурэйка. Пісаў тэксты, выпускаў лістоўкі і іншую літаратуру, у т. л. газету «За Родину» (са снежня 1943), сакратар камітэта I. П. Урбановіч. У друкарні працавалі падпольшчыкі М. С. Маргуліс, А. П. Папко, I. А. Хазан, I. Ш. Шарашэўскі. Было надрукавана 48 нумароў газеты «За Родину». Агульны тыраж выпушчаных газет, лістовак, зваротаў, зводак Саўінфармбюро і іншых выданняў склаў каля 168 тыс. экзэмпляраў на беларускай, рускай, польскай і нямецкай мовах.
У Байках (цяпер Пружанскі раён) на доме, у двары якога ў зямлянцы знаходзілася друкарня, у 1967 г. устаноўлена мемарыяльная дошка, адноўлена зямлянка.