Дата стварэння: 24.10.2023 09:25:42
Дата змены: 11.09.2024 14:28:46
«За Сове́тскую Ро́дину»
Газета, заснавана ў маі 1931 г. (першы вядомы нумар — № 2 за 8.6.1931) пад назвай «За калектывізацыю» як орган Старадарожскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Мінскай вобласці. У перыяд з 12 чэрвеня 1938 па 25 чэрвеня 1941 г. мела назву «Калгаснае жыццё».
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Старадарожскага падпольнага райкама КП(б)Б. Выходзіла ў 1943–1944 гг. Пад назвай «Красный партизан» выйшаў № 1 газеты за 18 красавіка 1943 г. Вядомы 31 нумар (№ 1–26 за 1943; № 1–3, 4/31, 32 за 1944) за перыяд з 18 красавіка 1943 г. да 20 чэрвеня 1944 г. на рускай мове. Рэдактар А. П. Спіцын.
Пасля вызвалення БССР выдавалася пад назвай «За Савецкую Радзіму». З канца красавіка 1962 г. па снежань 1966 г. адбыўся перапынак у выданні газеты. З 1967 г. друкавалася пад назвай «Поступ Кастрычніка» як орган Старадарожскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977).
З 1993 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Навіны Старадарожчыны» адзін раз на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Старадарожскі раённы выканаўчы камітэт і Старадарожскі раённы Савет дэпутатаў, рэдакцыя газеты.