pdf

КАРМЯНСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 24.10.2023 09:34:17

Дата змены: 11.09.2024 16:01:20

Кармя́нскае парты́йнa-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Кармянскім раёне Гомельскай вобласці са жніўня 1941 г. да лістапада 1943 г. пад кіраўніцтвам Кармянскіх падпольных райкамаў КП(б)‌Б і ЛКСМБ у час Вялікай Айчыннай вайны.

Аб’ядноўвала 39 чалавек, 4 падпольныя арганізацыі і групы: у в. Бель — кіраўнік камуніст I. П. Калякін, в. Валынцы — камсамолка Т. I. Абатурава, потым В. Я. Паўлава, в. Гарадок — камсамольцы У. I. Майсейкаў, А. А. Вішнеўскі, в. Струмень — А. У. Хадановіч.

Падпольныя групы праводзілі масава-палітычную работу, дапамагалі партызанскім атрадам зброяй, боепрыпасамі, рыхтавалі людскія рэзервы. З дапамогай Т. I. Абатуравай у верасні 1941 г. была арганізавана сустрэча кіраўнікоў Кармянскага і Чачэрскага падпольных райкамаў КП(б)‌Б. Дом Г. М. Абатуравай у в. Бель з’яўляўся явачнай кватэрай Кармянскага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

Члены групы в. Валынцы да лютага 1942 г. падрыхтавалі для ўступлення ў партызанскі атрад 30 чалавек.

Патрыёты в. Бель перадалі партызанам 6 вінтовак, ручны кулямёт, скрынку гранат, в. Жавуніца (група в. Валынцы) — 2 ручныя кулямёты, 10 вінтовак.

Па даручэнні Кармянскага падпольнага райкама партыі патрыёты вёсак Гарадок і Струмень вялі разведку ў варожым гарнізоне ў г. п. Карма, падтрымлівалі сувязь з Кармянскім партызанскім атрадам і партызанскай брыгадай 10‑й Журавіцкай, забяспечвалі партызан праваднікамі, дакументамі.

Падпольшчыкі в. Струмень аказвалі дапамогу партызанскай брыгадзе 47‑й «Перамога» зброяй, боепрыпасамі, харчамі, арганізавалі лодачную пераправу цераз р. Сож. У перыяд блакады партызанскай зоны карнікамі ў ліпені — жніўні 1942 г. камсамольцы дапамаглі партызанам выходзіць з акружэння. Група в. Гарадок знішчыла лінію сувязі на ўчастку Карма — Ліцвінавічы, узарвала аўтамашыну з нарабаванымі харчамі. Патрыёты в. Струмень прымалі ўдзел у разгроме мясцовага паліцэйскага ўчастка.

У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі I. П. Калякін, Г. М. Абатурава, Т. I. Абатурава, В. А. Арцем’ева, Л. А. Арцем’ева, Ф. А. Драбышэўская, В. Ф. Караткевіч, А. Д. Караткевіч, А. З. Кунькоў, У. I. Майсейкаў, В. А. Сапега, М. М. Сляпцоў, М. I. Хадановіч, Д. Ф. Халопаў, I. Г. Халопаў.