ПЛЕШЧАНІЦКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1943 г.

Дата стварэння: 24.10.2023 09:37:01

Дата змены: 01.03.2024 09:44:49


Пле́шчаніцкая апера́цыя 1943 г.

Баі партызанскіх брыгад «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага і «Дзядзькі Колі» супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г. п. Плешчаніцы Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна Мінскай вобласці ў сакавіку — жніўні 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Вясной 1943 г. партызанская разведка выявіла, што акупанты хуткімі тэмпамі пачалі весці інжынерныя работы па абсталяванні сістэмы абарончых апорных пунктаў вакол і ўнутры Плешчаніц, з лета нацысцкі гарнізон (каля 230 чалавек) папоўніўся новымі падраздзяленнямі, у т. л. спецыяльнымі падраздзяленнямі нямецкіх ваенна-паветраных сіл, падвозіліся зброя, боепрыпасы, харчаванне.

Паводле указання Мінскага падпольнага абкама КП(б)‌Б камандаванне партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага неаднаразова спрабавала перашкодзіць узмацненню Плешчаніцкага гарнізона. Партызаны нанеслі 29 удараў па аванпастах гарнізона, адбілі 23 яго вылазкі. Спыняліся спробы дэблакіраваць Плешчаніцкі гарнізон звонку. Былі знішчаны мотамеханізаваны патруль 118‑га ахоўнага батальёна, палкоўнік паліцыі бяспекі разам з аховай. Вялікія страты былі нанесены асобаму батальёну СС Дырлевангера, які спрабаваў прарвацца на дапамогу акружанаму гарнізону.

Адначасова 17 жніўня 1943 г. партызаны перакрылі ўсе шляхі, якія вялі ў Плешчаніцы, і з некалькіх бакоў уварваліся ў пасёлак. У гэты час партызанская брыгада «Дзядзькі Колі» звязала баявымі дзеяннямі варожыя гарнізоны на зембінскім напрамку. У вулічных баях вырашальную ролю адыгралі створаныя пры кожным атрадзе спецыяльныя баявыя групы. Яны ўмела наносілі ўдары па дзотах і бункерах праціўніка, закідвалі іх гранатамі.

У начным баі народныя мсціўцы знішчылі каля 150 салдат і афіцэраў праціўніка, усе гаспадарчыя і ваенныя аб’екты гарнізона, у т. л. 10 дзотаў, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, амуніцыі праціўніка і на досвітку 18 жніўня адышлі ў раён сваёй дыслакацыі. Страты партызан склалі 48 байцоў забітымі і параненымі. Падмацаванне, якое выклікалі па радыё, знайшло ў Плешчаніцах некалькі ўцалелых гітлераўцаў. У выніку Плешчаніцкай аперацыі 1943 г. гарнізон у Плешчаніцах быў поўнасцю разгромлены, яго дзейнасць была спынена больш як на паўгода.