Дата стварэння: 24.10.2023 09:37:32
Дата змены: 11.09.2024 15:58:58
Прапо́йскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала з сакавіка 1942 г. да кастрычніка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Прапойскага (цяпер Слаўгарадскага) раёна Магілёўскай вобласці. Аб’ядноўвала Прапойскую і Улуцка-Харанеўскую арганізацыі, усяго 11 груп, больш за 80 падпольшчыкаў, у т. л. 22 камуністы і 25 камсамольцаў.
Да стварэння Прапойскага падпольнага райкама КП(б)Б (жнівень 1943) Прапойскай арганізацыяй кіравалі былы намеснік дырэктара Чэрыкаўскага леспрамгаса камуніст С. Ф. Саўчанка, камуністы М. В. Кліменка і М. П. Хаблоў.
У склад Прапойскай арганізацыі у г. п. Прапойск (цяпер г. Слаўгарад) і навакольных вёсках ўваходзілі 8 падпольных груп: камсамольска-маладзёжная (кіраўнік А. С. Скальзаеў), на электрастанцыі і маслазаводзе (А. В. Шэдаў), у гарпасялковай бальніцы (В. Ф. Самусенка), гарпасялковая група (А. А. Лісіцын), у в. Віравая (I. В. Ганчароў), вёсках Рудня і Міхайлоў (М. В. Навуменка), в. Крамянка (I. А. Сёмкін), вёсках Бярозаўка і Гіжэнка (В. А. Драздоў).
Улуцка-Харанеўскай арганізацыяй кіравалі камуністы Д. Е. Савельеў і Г. А. Каралёў. У яе ўваходзілі 3 падпольныя групы: у вёсках Улукі (кіраўнік I. Я. Цімашкоў), Харанеў (Харанёў, Харанёва; I. I. Каваль), Доўгі Мох (І. А. Сцяпанаў).
Арганізацыі падтрымлівалі паміж сабой сувязь, дзейнічалі ў кантакце з партызанскім атрадам 42‑м, Магілёўскай падпольнай арганізацыяй «Камітэт садзейнічання Чырвонай арміі», у красавіку — маі 1943 г. з партызанскім палком «Трынаццаць».
Магілёўскія падпольшчыкі Ф. П. Даніленка і А. I. Шубадзёраў перадалі партызанам праз М. Р. Емяльяненка, В. Ф. Самусенка, А. С. Скальзаева каля 100 экзэмпляраў газет «Правда» і «Красная звезда», лістоўкі, якія размнажаліся і распаўсюджваліся падпольшчыкамі. У жніўні 1942 г. праз В. Г. Бандарэнка перададзены з Прапойска ў в. Улукі радыёпрыёмнік, што дазволіла слухаць маскоўскія перадачы і выкрываць варожую дэзінфармацыю. Падпольшчыкі ў маі 1942 г. арганізавалі ўцёкі 23 савецкіх ваеннапалонных і пераправілі іх у 42‑і партызанскі атрад.
Падпольшчыкі збіралі зброю і боепрыпасы для партызан. Адна толькі падпольная група, якая дзейнічала на электрастанцыі і маслазаводзе, здабыла і перадала партызанам 3 ручныя кулямёты, 21 вінтоўку, 5 мінамётаў, каля 50 кг толу, 11 скрынак вінтовачных патронаў, 2 скрынкі гранат.
На базе некалькіх падпольных груп Прапойшчыны ў маі 1943 г. створаны партызанскі атрад 43‑і. У чэрвені 1943 г. падпольшчыцы бальніцы [М. К. Грыгарук], М. Р. Емяльяненка, В. Ф. Самусенка даставілі ў атрад хірургічныя інструменты, медыкаменты, перавязачныя сродкі. Падпольшчыкі А. В. Шэдаў, М. М. Бародзінава, А. К. Каліноўскі і яго сын узарвалі 14 жніўня 1943 г. маслазавод, даставілі ў атрад некалькі падвод з соллю і маслам, пішучую машынку, дакументы гарпасялковай управы.
Патрыёты в. Харанеў [М. М.] Копчыкаў, Д. Я. Малашанка, Р. М. Ухватаў знішчалі тэлефонную сувязь, развінчвалі рэйкі на чыгунцы, у красавіку — маі 1942 г. раскапалі дамбу на р. Раста, падпілілі пралёты моста.
У ноч на 31мая 1943 г. партызаны і падпольшчыкі разграмілі камендатуру, паліцыю і турму ў Прапойску, вызвалілі прыгавораных да пакарання смерцю А. С. Скальзаева, Ф. У. Краснашчокава і іншых патрыётаў.
Патрыёты пад кіраўніцтвам А. В. Шэдава ў чэрвені 1943 г. узарвалі гарадскую электрастанцыю, якую акупанты не змаглі аднавіць.
Захаванне канспірацыі, своечасовы выхад у партызанскія атрады дазволілі падпольшчыкам пазбегнуць правалаў і вялікіх страт.
Акупанты ў красавіку 1942 г. пакаралі смерцю падпольшчыка з в. Доўгі Мох М. А. Баранава.