Дата стварэння: 24.10.2023 09:37:55
Дата змены: 01.03.2024 09:40:24
Пя́тая а́рмія
Сфарміравана ў студзені 1941 г. у Кіеўскай асобай ваеннай акрузе ў складзе двух стралковых і двух механізаваных карпусоў і іншых часцей. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў складзе Паўднёва-Заходняга фронту вяла абарончыя баі на дзяржаўнай граніцы на поўдзень ад Брэста, пасля ў раёнах гарадоў Ковель, Дубна, Роўна, Жытомір і Корасцень (Украіна). Армія расфарміравана 20 верасня 1941 г.
Зноў сфарміравана ў кастрычніку 1941 г. на базе войск Мажайскага ўмацаванага раёна, уваходзіла ў склад Заходняга фронту, вяла абарончыя і контрнаступальныя баі пад Масквой, вызваліла гарады Мажайск, Гжацк і Вязьма, удзельнічала ў Смаленскай аперацыі 1943 г.
З лістапада 1943 г. войскі арміі вялі наступальныя баі на аршанскім напрамку. Са студзеня 1944 г. армія перамясцілася на паўднёвы ўсход ад Віцебска і да чэрвеня 1944 г. вяла наступальныя баі на багушэўскім напрамку. У час Беларускай аперацыі 1944 г. армія, якая налічвала 3 стралковыя корпусы (9 дывізій), 2 танкавыя брыгады, 9 самаходных артылерыйскіх палкоў і іншыя часці, дзейнічала ў складзе 3‑га Беларускага фронту. Яе войскі паспяхова вялі наступленне ў Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 г., дзе вызначыліся 3‑я гвардзейская артылерыйская дывізія прарыву, 33‑я зенітная артылерыйская дывізія, 2‑я гвардзейская танкавая брыгада, 63‑я, 97‑я, 159‑я і 371‑я стралковыя дывізіі, якім было нададзена ганаровае найменне «Віцебскія». Войскі арміі паспяхова дзейнічалі ў Мінскай аперацыі 1944 г., у Вільнюскай аперацыі 1944 г., за якую 144‑й стралковай дывізіі і 22‑й гвардзейскай пушачнай артылерыйскай брыгадзе было нададзена ганаровае найменне «Віленскія», у Каўнаскай аперацыі, дзе вызначыліся яе 65‑ы і 72‑і стралковыя карпусы і 43‑я мінамётная брыгада, удастоеныя ганаровага наймення «Ковенскія» (у ваенных загадах таго часу г. Каўнас узгадваўся пад традыцыйнай славянскай назвай Коўна).
Злучэнні арміі першымі на 3‑м Беларускім фронце выйшлі на граніцу Усходняй Прусіі ў жніўні 1944 г. Армія ўдзельнічала ва Усходне-Прускай аперацыі і ў ліквідацыі варожай групоўкі на Земландскім паўвостраве.
Армія выведзена ў рэзерв Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандавання 20 красавіка 1945 г. і перакінута на Далёкі Усход, дзе ў складзе войск 1‑га Далёкаўсходняга фронту ўдзельнічала ў разгроме Квантунскай арміі японскіх узброеных сіл.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады вайны, дзясяткі тысяч воінаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, больш за 100 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Многія часці і злучэнні арміі ўзнагароджаны ордэнамі, ім нададзены ганаровыя найменні.
Камандуючыя: генерал-маёр танкавых войск М. I. Патапаў (чэрвень — верасень 1941), генерал-маёр Д. Д. Лелюшэнка (кастрычнік 1941), генерал-маёр артылерыі, з 9 лістапада 1941 г. генерал-лейтэнант артылерыі Л. А. Говараў (кастрычнік 1941 — красавік 1942), генерал-маёр, з 13 чэрвеня 1942 г. генерал-лейтэнант I. I. Фядзюнінскі (красавік — кастрычнік 1942), генерал-палкоўнік Я. Ц. Чаравічэнка (кастрычнік 1942 — люты 1943), генерал-лейтэнант В. С. Паленаў (люты — кастрычнік 1943), генерал-лейтэнант, з 15 ліпеня 1944 г. генерал-палкоўнік М. I. Крылоў (кастрычнік 1943 — кастрычнік 1944 і снежань 1944 — да канца вайны), генерал-лейтэнант П. Р. Шафранаў (кастрычнік — снежань 1944).