Сцефано́ва (Сцефанава)
Вёска на тэрыторыі Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 3 км на захад ад в. Прыхабы Лебядзянкаўскага сельсавета. Перад вайной у вёсцы жылі 96 чалавек.
У час карнай аперацыі 22 снежня 1942 г. гітлераўцы загубілі 96 (паводле іншых звестак — 95) жыхароў і спалілі вёску (25 двароў).
Пасля вайны не адрадзілася.
На магіле загубленых жыхароў у 1971 г. пастаўлены помнік — скульптура жанчыны з дзіцём, побач пліта з памятным надпісам.
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».