Дата стварэння: 24.10.2023 09:46:21
Дата змены: 11.09.2024 14:47:18
Ша́ркаўшчынская падпо́льная камсамо́льска-маладзёжная арганіза́цыя «За Радзі́му»
Дзейнічала ў ліпені 1941 г. — ліпені 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Шаркаўшчынскага і некаторых суседніх раёнаў Вілейскай вобласці. Налічвала 31 ўдзельніка, у т. л. 26 камсамольцаў. Кіраўнікі: Г. К. Лысёнак (з верасня 1942 у партызанах, з верасня 1943 сакратар Шаркаўшчынскага падпольнага райкама ЛКСМБ), П. А. Балай, I. А. Гінько. Дзейнасць арганізацыі накіроўвалі Вілейскі падпольны абкам КП(б)Б (з мая 1943), Вілейскі падпольны абкам ЛКСМБ (з красавіка 1943).
На сходзе камсамольцаў 27 ліпеня 1941 г., на якім прысутнічалі Э. I. Бараноўская, I. А. Гінько, С. I. Дзіковіч, Э. I. Кухальскі, Г. К. Лысёнак, A. С. Невядомскі і іншыя, былі вызначаны задачы арганізацыі: збор зброі, зрыў выканання распараджэнняў акупантаў, агітацыйна-прапагандысцкая работа сярод насельніцтва. Э. І. Кухальскі, Г. К. Лысёнак і П. К. Лысёнак устанавілі ў лесе дэтэктарны радыёпрыёмнік, запісвалі зводкі Саўінфармбюро. Па заданні партызанскага атрада (пазней брыгады) «Спартак» патрыёты засылалі сваіх людзей у варожыя гарнізоны, размешчаныя на чыгунцы г. п. Шаркаўшчына, в. Варапаева Дунілавіцкага раёна, гарады Глыбокае і Паставы, адкуль забяспечвалі камандаванне атрада разведданымі.
Па рашэнні Шаркаўшчынскага падпольнага райкама ЛКСМБ і камандавання партызанскай брыгады «За Радзіму» ў распалажэнне варожага фарміравання ў в. Красны Двор быў накіраваны падпольшчык В. Ф. Недзведзь, у Шаркаўшчыну — В. П. Вярцінскі, на чыгуначную станцыю Крулеўшчызна (Крулеўшчына) Докшыцкага раёна — Э. I. Бараноўская.
Падпольшчыкі П. А. Балай, М. П. Брэскі, Т. Л. Лянкевіч і іншыя, што працавалі ў Варапаеве, рэгулярна перадавалі ў партызанскі атрад П. М. Шырокава (пазней імя А. А. Жданава брыгады «За Радзіму») разведданыя, бланкі дакументаў, пісчую паперу. Сыходзячы летам 1943 г. у партызанскі атрад, яны падпалілі будынак біржы працы, знішчылі дакументы, вынеслі пішучую машынку. Сумесна з партызанамі патрыёты знішчалі лініі сувязі, палілі масты на шашэйных дарогах і чыгунцы, удзельнічалі ў нападах на гарнізоны акупантаў. У верасні 1942 г. падпольшчыкі і партызаны атрада «Спартак» разграмілі гарнізон у вёсках Казяны, Ёды, Журавоўшчына, спалілі чыгуначную станцыю ў в. Полава.
У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі Б. I. Дзіковіч, С. I. Дзіковіч і Я. Р. Дзіковіч, Э. I. Кухальскі, М. М. Лапаць, П. К. Лысёнак, [Я. Ц.] Машара, А. С. Невядомскі, К. А. Рамановіч.