Шкленск (Шклёнск)
Вёска на тэрыторыі Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 2 км на поўдзень ад в. Навасёлкі Азёрскага сельсавета, на 37‑м км шашы Гродна — Астрына. Перад вайной у вёсцы жылі 83 чалавекі.
У час карнай аперацыі 18 ліпеня 1943 г. гітлераўцы загубілі (паводле розных крыніц — 67, або 79, або 83 чалавекі, у т. л. 38 дзяцей) і спалілі вёску (17 двароў).
Пасля вайны не адрадзілася.
У 1956 г. на магіле ахвяр фашызму пастаўлены абеліск.
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».